Расейскі самалёт упаў пад Лунінцам. Што вядома на гэты момант

Ілюстрацыйнае фота

Мясцовыя жыхары кажуць, што ў дамах са сьценаў падалі карціны.

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» ўвечары 10 сакавіка паведаміў, што каля 21:30 жыхары Лунінца чулі моцны выбух і ўбачылі яркую ўспышку. Паводле папярэдняй інфармацыі, у раёне мястэчка Кажан-Гарадок упаў самалёт.

Па словах мясцовых жыхароў, якія прыводзіць «Наша ніва», над месцам пажару бачылі верталёт, а побач міліцыю і пажарнікаў. Яшчэ адзін мясцовы жыхар сьцьвярджае, што самалёт падбілі ўкраінскія вайскоўцы, ён пасьпеў даляцець да Кажан-Гарадка, а там упаў. Пілёты нібыта пасьпелі катапультавацца і выжылі.

Пад Лунінцам знаходзіцца вайсковы аэрадром, дзе зь сярэдзіны студзеня базуецца расейская авіяцыя. Адтуль, паводле некаторай інфармацыі, ляцелі ракеты і вылятала авіяцыя, каб бамбаваць украінскія гарады, дзе гінулі мірныя жыхары, у тым ліку дзеці. Усяго за два тыдні вайны загінула ўжо 71 дзіця. Расейскае кіраўніцтва гаворыць пра ўдары толькі па «вайсковай інфраструктуры», але бомбы ляцяць на жылыя кварталы, аэрапорты і лякарні.

Лукашэнка раней прызнаў вылеты ракет зь беларускай тэрыторыі, дзе месьцяцца расейцы, а таксама заявіў, што ў задачы беларускага боку ўваходзіць не дапусьціць «удару ў сьпіну» расейцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Авіянапады на Івана-Франкоўск, Дніпро і Луцк, расейскі самалёт упаў у Лунінцы. 16-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіеў: Украіна чакала расейскага нападу, але не з тэрыторыі Беларусі