Карыстальнікам Facebook дазволяць заклікі да сьмерці Пуціна і Лукашэнкі. Але не беларускім

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія Meta Platforms дазволіць карыстальнікам сацыяльных плятформаў Facebook і Instagram у некаторых краінах заклікаць да гвалту супраць расейскіх салдатаў і расейцаў у кантэксьце ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на ўнутранае ліставаньне ў кампаніі. Meta Platforms таксама часова дазваляе публікацыю некаторых допісаў, якія заклікаюць да сьмерці прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна або кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта тычыцца карыстальнікаў у Армэніі, Азэрбайджане, Эстоніі, Грузіі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Польшчы, Расеі, Славаччыне і Ўкраіне.

Пасьля публікацыі прадстаўнік Meta Эндзі Стоўн удакладніў, што кампанія ня будзе дапускаць «заклікаў да гвалту супраць расейскіх мірных жыхароў».

«У выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну мы часова дазволілі такія формы палітычнага выказваньня, якія звычайна парушаюць нашыя правілы, напрыклад мову нянавісьці, як „сьмерць расейскім захопнікам“».

Таксама ў ліставаньні паказана, што Meta дазволіць хваліць правы батальён «Азоў», што звычайна забаронена. Хваліць «Азоў» можна будзе ў кантэксьце ўдзелу гэтага батальёна ў абароне Ўкраіны ад замежнай агрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

​​«Ніхто ня верыў, што мы застанёмся жывымі». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея адразу пасьля перамоў з Украінай у Турэччыне аднавіла абстрэлы заблякаванага Марыюпалю