Кіеў: Украіна чакала расейскага нападу, але не з тэрыторыі Беларусі

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў

Украіна пачала рыхтавацца да расейскага ўварваньня ў лістападзе 2021 году, але не чакала нападу з тэрыторыі Беларусі, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў.

«Мы не маглі грамадзтву сказаць, што будзе вайна. Гэта было недапушчальна, таму што гэта была адна з тактык Расейскай Фэдэрацыі, каб тут пачаўся хаос», — сказаў Данілаў у эфіры «Свабода Live».

Ён дадаў, што ўлады дакладна разумелі, што ўварваньне расейскіх войскаў адбудзецца, але зусім не былі гатова да таго, што гэта будзе зьдзейсьнена з боку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка сказаў, што Беларусь ня будзе ваяваць з Украінай, але прывёў у гатоўнасьць СПА, каб «не дапусьціць удараў у сьпіну расейцам»

«Такога ўдару ў сьпіну мы не чакалі. Мы не чакалі, што яны пойдуць па ўсіх франтах. Гэта была нечаканасьць», — прызнаў сакратар РНБА.

  • Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі заявіў 3 сакавіка, што Злучаныя Штаты «па-ранейшаму не бачаць ніякіх прыкмет таго, што Беларусь удзельнічае ў сутыкненьнях або рыхтуецца да ўдзелу ў іх». У той самы дзень амэрыканскія вайскоўцы заявілі, што з 480 ракет, запушчаных на той момант ва Украіну, 70 былі выпушчаныя зь Беларусі.