Парашэнка пра дзеяньні Лукашэнкі: «Зь Беларусі праз Чарнобыль подла ўдарылі ў сьпіну»
Пятро Парашэнка
Пяты прэзыдэнт Ўкраіны Пятро Парашэнка заявіў аб магчымасьці нанясеньня ўдару ў адказ, калі Лукашэнка загадае беларускім войскам далучыцца да расейскіх у вайне супраць Украіны.
«Наступ Расеі з боку Беларусі і захоп Чарнобыльскай АЭС — канец для Лукашэнкі. Лукашэнка перайшоў „чырвоную лінію“. Беларусь дэ-факта ўдзельнічае ў агрэсіі супраць нашай краіны», — заявіў Пятро Парашэнка.
Ён нагадаў неаднаразовыя заявы Лукашэнкі аб тым, што ніводны замежны салдат ніколі ня ўедзе ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.
«А цяпер менавіта зь Беларусі праз Чарнобыль подла ў сьпіну нанёс удар. І гэтая групоўка цяпер зьяўляецца галоўнай пагрозай для Кіева. Захапілі Чарнобыльскую станцыю.
Яны вядуць зьнішчальны агонь па цывільных кварталах Чарнігава. Менавіта яны забіваюць мірных жыхароў. Менавіта яны выклікалі гуманітарную катастрофу. Марадэры, тэрарысты — тое, што яны рабілі ў Гастомелі, Бучы, Ірпяні. І сёньня гэтыя кадры абышлі ўвесь сьвет. Гэта ўсё непасрэдная адказнасьць Лукашэнкі».
Пятро Парашэнка таксама дадаў, што ў выпадку накіраваньня беларускіх вайскоўцаў на дапамогу расейцам будзе нанесены ўдар у адказ:
«Украінцы змагаюцца за сваю зямлю. Думаю, што беларускія салдаты надоўга ў нас не затрымаюцца. І будзе нанесены ўдар у адказ, і Лукашэнка там не застанецца, калі ён канчаткова звар’яцее і аддасьць загад на ўдзел беларускіх салдат на нашай тэрыторыі».