Экспэрты патлумачылі, чаму ўкраінскі Генштаб не дае інфармацыі пра страты ў сваім войску

Украінскі вайсковец на ўмацаваньнях пры абароне Кіева, 8 сакавіка 2022

Інфармацыі пра страты асабовага складу і тэхнікі ўкраінскага бойку не даюць зь некалькіх прычынаў.

Пра страты на фронце з украінскага боку кіраўніцтва краіны і камандаваньне Ўзброеных сіл Украіны не паведамляе. Інфармацыі пра палеглых вайскоўцаў, а таксама страты ўзбраеньня і тэхнікі адсутнічаюць у штодзённых зводках аб выніках баявых дзеяньняў. Вядомыя толькі лічбы ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Гэтая лічба, паводле афіцыйных зьвестак, дасягае 500 і расьце. ВВС News Україна зьвярнулася да экспэртаў па тлумачэньні, чаму вайсковыя страты не публікуюцца.

Удзельнік Антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе Яўген Дзікі перакананы, што інфармацыя пра баявыя страты ўкраінскіх войскаў — знаходка для праціўніка, таму публікаваць іх у час вайны недапушчальна.

«У цяперашні час інфармацыя аб нашых стратах павінна быць ня менш канфідэнцыйнай, чым інфармацыя аб разьмяшчэньні нашых войскаў і пастаўках зброі і боепрыпасаў. Страты праціўніка патрэбны ня толькі для прапаганды. Гэта вельмі каштоўная інфармацыя для праціўніка, і яна ні ў якім разе не павінна давацца яму. Ні аб агульных стратах, ні аб стратах на асобных участках або ў канкрэтных баях».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі Генштаб: «Расея працягвае наступаць, але тэмп значна запаволіўся»

На гэтым настойвае і гісторык Аляксей Капацько.

«Каб не раскрываць праціўніку стан падразьдзяленьняў, дадзеных аб стратах у нашых баявых частках наогул ня будзе, альбо яны будуць максымальна расплывістымі/безасабовымі. Пакуль гэта неабходнасьць».

Вайсковы аглядальнік Вячаслаў Шрамовіч кажа, што раскрыцьцё інфармацыі аб стратах можа быць дэматывацыйным.

«Ва Ўкраіне ўжо ёсьць досьвед 2014 году, калі праз сапраўдную або фальшывую інфармацыі аб ахвярах сваякі вайскоўцаў ладзілі акцыі пратэсту з патрабаваньнем вывесьці войскі з „катлоў“, з Ілавайску і Дэбальцава. Удар у тыл».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацыянальная выведка ЗША: Пуцін можа наважыцца на далейшую эскаляцыю ва Ўкраіне

У той жа час вайсковы экспэрт Міхаіл Жырахаў лічыць, што непадача афіцыйных дадзеных аб стратах украінскіх вайскоўцаў стварае недавер да афіцыйных крыніц інфармацыі. Ён кажа, што вайсковае кіраўніцтва краіны з пачатку вайны вырашыла, што публікацыя страты асабовага складу можа дэмаралізаваць вайскоўцаў.

«Але ў сучасным лічбавым сьвеце ўтойваньне страт вядзе толькі да росту недаверу да афіцыйных крыніц. Інфармацыя па-ранейшаму прасочваецца праз сацыяльныя сеткі. Грамадзтву трэба разумець, што мы ваюем зь вялікім і падрыхтаваным ворагам, і кожная наша перамога аплачваецца жыцьцём нашых абаронцаў», — сказаў ён у камэнтары.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея памылілася ў разьліках, але вайна ўступае ў больш крывавую стадыю, — даклад GLOBSEC

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.