Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія войскі працягваюць наступальную апэрацыю, але тэмпы іх прасоўваньня «значна запаволіліся».
«Сілы абароны працягваюць правядзеньне абарончай апэрацыі ў Паўднёвай, Усходняй і Паўночнай апэратыўных зонах уздоўж пэўных рубяжоў. На Северскім кірунку працягваецца гераічная абарона гораду Чарнігава. Сілы абароны Кіева працягваюць абарону сталіцы ўздоўж вонкавай мяжы абароны і на дадаткова вызначаных участках. У Паўднёвай апэратыўнай зоне праводзіцца абарончая апэрацыя ўздоўж дзяржаўнай мяжы і прыкрываецца марское ўзьбярэжжа, вядуцца абарончыя баі ў прыгарадах Мікалаева», — гаворыцца ў паведамленьні за 8 сакавіка.
Па словах Генштабу, ВПС Узброеных сіл Украіны «пасьпяхова адбіваюць авіяўдары праціўніка, забясьпечваючы паветранае прыкрыцьцё найважнейшых аб’ектаў Украіны і вайсковых груповак».
У Генштабе падкрэсьлілі, што расейскія вайскоўцы «дэмаралізаваныя і ўсё больш займаюцца марадэрствам», парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права аб ваенных канфліктах.
«У Харкаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і Кіеўскай вобласьцях, на тэрыторыях, часова занятых расейскімі акупантамі, фіксуюцца факты рабаўніцтва, гвалтоўных дзеяньняў супраць мясцовых жыхароў, захоп цывільнага жыльля, выкарыстаньне сельскагаспадарчых ангараў для паркоўкі вайсковай тэхнікі, абстрэлы. Агнявыя пазыцыі ў раёне расстаўляюцца на аб’ектах цывільныя інфраструктуры».
Наступам Узброеных сіл Украіны акупанты запалохваюць насельніцтва паўночнай часткі часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым. Акрамя таго, ФСБ стварае там апэратыўныя групы для працы з насельніцтвам, у прыватнасьці па выяўленьні супраціву, дадалі ў Генштабе.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.