ЧАЭС цалкам абясточаная. Што адбываецца на ўкраінскіх атамных станцыях, акупаваных расейскімі войскамі
На двух захопленых расейцамі атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Энэргадары застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.
«Укренерго»: Чарнобыльская АЭС цалкам абясточаная
«Баявыя дзеяньні працягваюцца, што зараз робіць немагчымымі рамонтныя працы і аднаўленьне энергасілкаваньня. „Укренерго“ маніторыць сытуацыю і будзе інфармаваць аб усіх зьменах», — гаворыцца ў паведамленьні «Укренерго».
Абясточаны таксама горад Славуціч.
Закрытая пасьля аварыі 1986 году ЧАЭС знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.
Нацыянальная кампанія «Укренерго» раней заявіла, што на двух захопленых атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Энэргадары застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы.
Запароская АЭС
Паводле інфармацыі кампаніі, на тэрыторыі Запароскай АЭС у Энэргадары знаходзіцца 50 адзінак вайсковай тэхнікі, каля 400 вайскоўцаў, а таксама шмат выбухоўкі і зброі.
«І хоць на ўсіх шасьці энэргаблёках АЭС працуе наш пэрсанал, усе тэхнічныя пытаньні кіраўніцтва станцыі вымушана ўзгадняць з акупантамі», — паведамілі ў «Укренерго».
Паводле інфармацыі кампаніі «Укренерго», супрацоўнікі станцыі знаходзяцца пад моцным псыхалягічным ціскам расейцаў, якія чакалі, што іх «сустрэнуць на станцыі з радасьцю, але ўкраінцы супраціўляліся, адмаўлячыся супрацоўнічаць з захопнікамі і не хавалі сваёй адкрытай варожасьці да іх».
У кампаніі таксама адзначылі, што напярэдадні расейскія журналісты спрабавалі запісаць пазытыўныя інтэрвію з пэрсаналам, каб выкарыстаць іх у прапагандзе. Але прадстаўнікі станцыі адмовіліся.
«Усё гэта нэгатыўна ўплывае на працу і ставіць пад пагрозу ядзерную і радыяцыйную бясьпеку. Аварыя можа адбыцца ў любое імгненьне, а яе наступствы непрагназаваныя».
Цяпер з шасьці блёкаў Запароскай АЭС працуюць толькі два.
Чарнобыльская АЭС
На Чарнобыльскай АЭС дагэтуль без ратацыі працуе пэрсанал, які выйшаў на зьмену ад 24 лютага, калі Расея пачала вайну з Украінай.
Украінскія ўлады зьвярнуліся да Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) дапамагчы забясьпечыць ратацыю пэрсаналу Чарнобыльскай АЭС. Мова ідзе аб 210 спэцыялістах, паведамляецца на сайце МАГАТЭ.
У пэрсаналу ЧАЭС абмежаваны доступ да ежы, вады і лекаў. Сувязь зь імі захавалася толькі праз электронную пошту. Праца з ядзернымі матэрыяламі на станцыі пакуль прыпыненая.