Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 12 дзён заблякаваныя на станцыі

Чарнобыльская зона 12 лістапада 2016 году

Супрацоўнікі працягваюць выконваць свае абавязкі. Але яны кажуць, што ўмовы ўнутры цяжкія, а ежа і лекі абмежаваныя.

Больш за 100 супрацоўнікаў Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраіне, месца найбуйнейшай у сьвеце тэхнагеннай катастрофы ў 1986 годзе, заблякаваныя на гэтым месцы больш за 12 дзён, паведамляе BBC.

Яшчэ 200 украінскіх ахоўнікаў, якія адказвалі за бясьпеку ў момант уварваньня, таксама застаюцца ў пастцы.

Расейскія вайскоўцы цяпер знаходзяцца ў 32-кілямэтровай Чарнобыльскай зоне адчужэньня і атачылі пэрымэтар станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца эвакуацыя жыхароў атакаванага Расеяй гораду Сумы. Масква абяцала рэжым цішыні, раней яна зрывала дамоўленасьці

Расея сьцьвярджае, што ахоўвае аб’ект разам з Нацыянальнай гвардыяй Украіны, але Ўкраіна адмаўляе гэта і заяўляе, што расейскія войскі цалкам кантралююць абʼект.

У супрацоўнікаў станцыі ёсьць некаторыя запасы ежы, але паколькі яны не ведаюць, колькі яны там пратрымаюцца, яны абмяжоўваюцца адным прыёмам ежы ў дзень, а ежа, як кажуць, вельмі простая — пераважна хлеб і крупы.

У нядзелю расейцы прапаноўвалі даставіць ежу, але ўкраінскія супрацоўнікі адмовіліся, сказаўшы, што гэта прапагандысцкі ход.

Памяшканьні для сну не абсталяваныя, таму створаны часовыя інтэрнаты, дзе адны сьпяць на ложках і сталах, іншыя — на падлозе.

Каб адпачыць, рабочых падзяліліся на зьмены: адна група працуе, другая адпачывае.

У Славуцічы гэты цяжкі час для семʼяў чарнобыльцаў. Пра гэта кажа кіраўнік Славуціча Юрый Фамічоў.

«Некаторым работнікам патрэбныя лекі, якія абмежаваныя на станцыі, што дадае нагрузкі на сваякоў, — сказаў Фамічоў. — Мы павінны сказаць ім, што на сёньняшні дзень няма бясьпечнага спосабу вываду работнікаў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.