Напаўшы на Ўкраіну, агрэсар б’е і па Беларусі

Горад Ірпень Кіеўскай вобласьці, 2 сакавіка

У хвалі навінаў пра жахі вайны і гераізм абаронцаў Украіны — назва гораду Ірпень (Ірпінь). Агрэсары б’юць ракетна-бомбавымі ударамі па яго жылых дамах, зь мінамётаў страляюць па ўцекачах, гінуць дзеці. Над Ірпянём зьбіты расейскі СУ-30 — мо высьветліцца, адкуль гэты пасланец „рускага міру“ нёс сьмерць. Можа быць, якраз з нашай зямлі — з поўнай згоды сатрапа-адміністратара.

Ірпень сёньня фактычна паўночна-заходняе прадмесьце Кіева. Там пекла. Празь яго спрабуюць прарвацца да сталіцы расейскія акупанты. Ён побач з Гастомелем і Ворзелем, побач з Бучай, дзе ў баі з акупантамі быў сьмяротна паранены беларус Ільля „Літвін“

А калісьці зялёны ціхі Ірпень стаў першым несталічным горадам мацерыковай Украіны, у якім я пабываў. У глухім савецкім 1980-м мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам, завязаўшы кантакты з маладымі ўкраінскімі незалежнікамі, прыехалі да іх зь „візытам у адказ“. У Ірпяні мелі доўгія размовы пра досьвед і мэтады — адкрытыя і падпольныя — нацыянальна-незалежніцкай працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея можа ўвесьці ядзерную зброю ў Беларусь і пагражаць Украіне. Удар у адказ будзе па Беларусі», — прагноз палітоляга Сівіцкага

Пераканаліся, што не самотныя ў балта-чарнаморскай прасторы, што маем дасьведчаных і нязломных сяброў, якія, як і мы, упэўненыя, што савецкая імпэрыя разваліцца, і набліжаюць гэты дзень. Адначасова мусілі прызнацца самі сабе, наколькі ж мы адстаем ад суседзяў, а дарога перад Беларусьсю доўгая, цяжкая і рызыкоўная. Але імпульс салідарнасьці, а ў дадатак цэлая валізка падпольнай самвыдавецкай і эміграцыйнай літаратуры (так, да нас яна і потым ніколі не ішла з Масквы) натхнялі. Такое не забываецца.

Ужо потым я даведаўся, што ў Ірпяні ня раз бываў Уладзімер Караткевіч. Апошнімі гадамі ў Ірпенскай спэцыялізаванай школе № 12 лінгвістычнага профілю як у адзінай ва Ўкраіне вывучаюць (ці ўжо — вывучалі?) і беларускую мову… Атакуючы Ўкраіну, агрэсар б’е і па Беларусі, бо ў кожнага беларуса ёсьць адданая Ўкраіне частка душы.

Мы як нацыя не пасьпелі належна акрыяць пасьля савецкага пэрыяду, нас зацягнулі ў чарговы кругабег нэасавецкай антыбеларускай дыктатуры. Але тым больш важна, што свабодны беларускі народ пачаў адраджацца ўжо ў новых пакаленьнях і абавязкова дараўнае самасьвядомасьцю суседнім нацыям, у тым ліку ўкраінскай, зь якою мы адзіныя ў сьвятым правебыць самімі сабой і ў жаданьні назаўсёды вызваліцца ад імпэрыі зла. Няскораны Ірпень — для мяне адзін з сымбаляў гэтай еднасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расейскія войскі працягваюць выкарыстоўваць беларускія аэрадромы для авіяўдараў па Ўкраіне

Літаральна зараз у абложаным і разбураным Ірпяні застаецца пісьменьнік Аляксандар Ірванец. Ён блізкі Беларусі чалавек, пераклаў на ўкраінскую шмат беларускай клясыкі і сучасных аўтараў, у інтэрвію называў сябе „беларусафілам“...

Але цяпер у яго слова „Беларусь“ гучыць інакш. 5 сакавіка Ірванец напісаў балючы верш:

З міста, що ракетами розтрощене,
До усього світу прокричу:
Цього року у Неділю Прощену
Я, здається, не усіх прощу!

…З вами й я і вистою, й вцілію,
Як у землю рідну міцно впрусь.
Я ніколи не прощу Росію.
...Чом відводиш очі, Білорусь?

А ў ягоных роспачных допісах-папярэджаньнях з-пад абстрэлаў слова „беларусы“ — проста сынонім ворага. І нічога ня зробіш: на яго дом падаюць бомбы з самалётаў, якія вылятаюць з нашай зямлі.

Дарэчы, менавіта Аляксандар Ірванец напісаў быў раман-антыўтопію „Рівне/Ровно“ (пераклаў на беларускую Ўладзімер Арлоў), у якім ягоны родны горад расьсечаны дэмаркацыйнай сьцяной на два. Незалежніцкае сьведамае Рівне спрабуе глядзець у будучыню, а Ровно заселенае расейскамоўным саўком пад кантролем гэбістаў.

Вось жа цяперашняя наша краіна з той самай антыўтопіі. З аднаго боку свабодная маладая Беларусь, якая нарэшце прачнулася, а з другога — нэасавецкая прарасейская „Белоруссия“. Яны кантрастуюць усім — сьвядомасьцю, каштоўнасьцямі, сьцягамі, а таксама — чым далей, тым больш выразна — мовамі. Пры гэтым „Белоруссия“ трымае Беларусь у закладніках і абнесла яе калючым дротам. Беларусь павінна вырвацца з-за дроту, іначай агрэсіўнай імпэрыі не наступіць капец. Вось гэта нам трэба нагадваць сьвету, які ў шоку зусім забыўся пра наш 2020-ы.

Зычу Аляксандру трымацца, вытрываць, выжыць. Веру, што блізкі беларусам Ірпень выстаіць. Але нам недастаткова падтрымаць Украіну, якая сёньня ваюе і за нашую будучыню, усім чым мага. Усіх беларусаў чакае свой, уласны, немінучы, але пакутлівы шлях ад „Белоруссии“ да Беларусі, сапраўднай свабоды і незалежнасьці. Вайна робіць, ужо зрабіла яго незваротным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.