Ня менш за 150 журналістаў пакінулі Расею пасьля пачатку вайны з Украінай
Вядоўца тэлеканалу «Дождь» Міхаіл Фішман, адзін з тых, хто публічна заявіў пра ад’езд з Расеі
Шэраг недзяржаўных СМІ трапілі ў Расеі пад абмежаваньні і забарону.
Пасьля ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ўзмацніўся масавы ад’езд расейскіх журналістаў за мяжу. Агулам Расею пакінулі каля 150 чалавек, падлічыла выданьне «Агенцтва».
Галоўная прычына ад’езду — фактычнае ўвядзеньне ў Расеі ваеннай цэнзуры. Закон аб «фэйках пра расейскае войска» быў падпісаны прэзыдэнтам Расеі 4 сакавіка. Праз пагрозу крымінальнага перасьледу пасьля прыняцьця гэтага закону часова спыніць працу ў Расеі вырашыла Расейская служба BBC (рэдакцыя будзе працаваць за межамі РФ). «Новая газета» аб’явіла аб выдаленьні матэрыялаў аб уварваньні Расеі ва Ўкраіну, а The Bell вырашыла перастаць асьвятляць канфлікт, піша Current Time.
Акрамя таго, расейскія ўлады заблякавалі сайты мноства выданьняў, сярод якіх «Настоящее время», «Медуза», «Медиазона», ВВС, DW, Радио Свобода і яго праекты. Ліквідаваная радыёстанцыя «Эхо Москвы», прыпынілі працу «Дождь», Colta і іншыя выданьні.
Выданьне «Агенцтва» апытала супрацоўнікаў з 17 выданьняў і высьветліла, што шмат у якіх СМІ зьехала значная частка журналістаў, напрыклад амаль уся маскоўская рэдакцыя «Медузы». Выехала таксама частка журналістаў «Дождя», «Эха Москвы» і «Новой газеты», а таксама многія супрацоўнікі карэспандэнцкіх пунктаў і бюро замежных СМІ.
Некаторыя журналісты паведамілі пра ад’езд публічна, напрыклад галоўны рэдактар каналу «Дождь» Ціхан Дзядко, вядоўца гэтага ж каналу Міхаіл Фішман, галоўны рэдактар выданьня Republic Дзьмітрый Колезеў, кінакрытык Антон Долін.
У Расеі за некалькі дзён завялі ўжо дзясяткі адміністрацыйных спраў паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі арміі». За заклікі на антываенныя акцыі пратэсту суд у Кемераве 6 сакавіка аштрафаваў мясцовага жыхара на 60 тысяч рублёў. Раней паведамлялася аб штрафе для жыхаркі Кастрамы. Суд Краснаярску аштрафаваў актывістку Веру Котаву за надпіс «Не — вайне» на засьнежаным гранітным помніку бальшавіцкаму правадыру Леніну.