Міністар абароны Ўкраіны: інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў зьнізілася, але Расея рыхтуе новыя атакі
Кратэр, які застаўся пасьля расейскага авіянападу на Харкаў, 6 сакавіка
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што расейскія войскі спрабуюць сканцэнтраваць сілы для новых атак на Кіеў, Харкаў, Чарнігаў і Мікалаеў.
«Расейскія войскі паўсюль атрымаюць жорсткі адпор. „Русский мир“ спрабуе задушыць горад-герой Марыюпаль гуманітарным крызісам. Кіраўніцтва дзяржавы робіць усё магчымае і немагчымае, каб забясьпечыць гуманітарныя калідоры», — заявіў міністар.
Паводле яго, ва Ўкраіну вярнуліся 140 тысяч украінцаў, каб стаць на абарону краіны. Яшчэ 20 тысяч іншаземцаў заявілі аб намеры ўступіць у замежны легіён.
«Ня буду камэнтаваць пастаўкі зброі і боепрыпасаў — гэта далікатны момант. Няхай ворага чакае сюрпрыз. Ведайце: ёсьць істотны прагрэс», — запэўніў Аляксей Рэзьнікаў.
Ва Ўкраіне назвалі папярэднюю колькасьць пацярпелых ад начных абстрэлаў Харкава і Жытоміра
У Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў сама меней 8 грамадзян загінулі і 200 пацярпелі — іх ратавальнікі даставалі з-пад завалаў жылых будынкаў.
Як паведаміла Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны, канчатковая інфармацыя аб загінулых і пацярпелых удакладняецца.
У Жытомірскай вобласьці зь вечара 6 сакавіка пад авіяўдары трапілі Корасьцень, Оўруч і Малын.
У вынку абстрэлаў 1 асоба загінула і яшчэ 5 пацярпелі. Паводле ратавальнікаў, ва ўсіх гэтых населеных пунктах разбурана па некалькі жылых будынкаў і зьнішчана тры аўтамабілі.