Паліцыя Харкаўскай вобласьці: ад расейскіх налётаў загінулі 194 чалавекі

Расейская тэхніка ў агні пры наступе на Харкаў, 27 лютага 2022

Абласная паліцыя Харкаўшчыны прывяла статыстыку гібелі людзей у выніку артабстрэлаў і баёў у Харкаўскай вобласьці: загінулі 194 чалавекі, у тым ліку 126 мірных жыхароў, зь іх 5 дзяцей.

З 24 лютага пры абароне Харкаўскай вобласьці ад нападу акупацыйных войскаў загінулі таксама 35 вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны, 4 паліцыянты, 6 нацгвардзейцаў, 4 супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы, 4 супрацоўнікі Харкаўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту ВПС, адзін супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны і 14 байцоў тэрытарыяльнай абароны.

Акрамя таго, падчас абстрэлу атрымалі раненьні 433 чалавекі, зь іх 312 — мірныя жыхары.

З пачатку расейскага ўварваньня абласная паліцыя затрымала 21 чалавека: 12 расейскіх вайскоўцаў, двух памагатых і аднаго чальца дывэрсійна-выведнай групы, двух падазраваных у наўмысным забойстве і чатырох падазраваных у злачынствах з маёмасьцю і зброяй.

Харкаў і вобласьць адны з найбольш пацярпелых рэгіёнаў Украіны ад расейскай агрэсіі, якая пачалася ранкам 24 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Начныя абстрэлы Харкава, Марыюпалю. Паўтара мільёна ўцекачоў. 11-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падчас эвакуацыі з Ірпяня войскі РФ адкрылі агонь па цывільных, ёсьць ахвяры, – карэспандэнт Радыё Свабода