Антыфэйк: У сьпісе Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны расейскія, а не беларускія вайскоўцы

Адзін са зьбітых украінцамі расейскіх самалётаў, 4 сакавіка 2022

На старонцы ў Facebook Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны выклала сьпіс лётнікаў, якія прылятаюць бамбіць Украіну зь беларускай Ліды. «Выкарыстаны хэштэг „акупантыРФ“ не памылковы, хоць ідзецца пра беларускіх вайсковых злачынцаў, але дзяржавы РБ не існуе», — напісала ўкраінская выведка.

Свабода праверыла сьпіс лётнікаў. Выявілася, што лётнікі з такімі зьвесткамі існуюць. Але яны з расейскіх брыгадаў авіяцыі, дысьлякаваных на Ўрале і пад Санкт-Пецярбургам.

Першы ў сьпісе «беларускіх лётнікаў» — палкоўнік Аляксандар Чамаданаў. Такі палкоўнік ёсьць, але служыць ён не ў беларускай Лідзе, а ў расейскай Сьвярдлоўскай вобласьці і сапраўды займае пасаду камандзіра злучэньня. Брыгада армейскай авіяцыі ў Сьвярдлоўскай вобласьці сфармаваная ў 2018 годзе. Паводле расейскіх СМІ, брыгада — адна з найлепшых.

Уральская брыгада армейскай авіяцыі, паводле расейскіх СМІ, «забясьпечвае рэалізацыю касьмічных праграмаў РФ, займаецца пошукава-выратавальнымі апэрацыямі». На ўзбраеньні ў іх, апрача іншага, мадэрнізаваныя гелікоптэры Ми-24П і Ми-8МТВ5-1.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Антыфэйк: Што такое «генацыд» і чаму на Данбасе яго няма, насуперак заявам Масквы

Падпалкоўнік Вадзім Халіулін — сапраўды камандзір эскадрыльлі. Але не беларускай і ня ў Лідзе — ён служыць ва ўральскай авіяцыі, у Сьвярдлоўскай вобласьці. Зусім нядаўна, 26 студзеня, пра яго пісала газэта «Красная звезда». Пра падпалкоўніка пішуць, што ён вайсковы пілёт з практычным налётам 2750 гадзін.

У гэтай жа частцы служыць і камандзір зьвяна маёр Куцікаў, які ёсьць у сьпісе, і штурман верталёта Максім Бабурын.

Намесьнік начальніка эскадрыльлі Алег Эсман служыць у авіяцыі ў вайсковай частцы пад расейскім горадам Таржком.

Штурман зьвяна Тэймураз Бадрыяшвілі — штурман эскадрыльлі № 332 верталётнага палку, дысьлякаванага пад Санкт-Пецярбургам. Тут жа пад Санкт-Пецярбургам служыць і камандзір верталёта Аляксандар Юфрыкаў.

У камэнтарах на старонцы ўкраінскай выведкі ў Facebook карыстальнікі зьвярнулі ўвагу, што ў сьпісе — не беларускія лётнікі. Але інфармацыя дагэтуль не зьняпраўджаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы вызвалім усё, настрой баявы». Беларускі добраахвотнік ваюе за Ўкраіну

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пакуль ва Ўкраіне ідзе вайна пры падтрымцы ўладаў Беларусі, Лукашэнка катаецца на лыжах