Краіны NATO не адправяць ва Ўкраіну вайскоўцаў і баявыя самалёты
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у пятніцу, 4 сакавіка
Блёк NATO ня будзе пасылаць ва Ўкраіну сваіх вайскоўцаў, а таксама не адправіць у краіну баявыя самалёты. Аб гэтым заявіў генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг у пятніцу пасьля нарады кіраўнікоў МЗС краін NATO ў Брусэлі.
Столтэнбэрг падкрэсьліў, што Паўночнаатлянтычны зьвяз не імкнецца да вайны з Расеяй, а простае ўмяшаньне NATO ў канфлікт ва Ўкраіне падвышае рызыку такой вайны.
Пры гэтым NATO заклікае Расею неадкладна вывесьці войскі з Украіны і пачаць перамовы, а таксама заяўляе, што будзе абараняць сябе ў выпадку, калі Расея паспрабуе перанесьці канфлікт за межы Ўкраіны.
Столтэнбэрг пацьвердзіў, што на сустрэчы абмяркоўвалі прапанову Кіева ўвесьці над краінай беспалётную зону — што азначала б, што расейскія самалёты і ракеты над Украінай будуць зьбіваць. Аднак краіны NATO заявілі, што ня будуць уводзіць такую зону — зноў-такі з прычыны рызыкі эскаляцыі канфлікту.
Як заявіў Столтэнбэрг, найбліжэйшыя дні ва Ўкраіне, праўдападобна, будуць яшчэ больш змрочнымі — будзе больш сьмерцяў і разбурэньняў.
Большасьць краін NATO пастаўляе Украіне ўзбраеньне і абсталяваньне, буйную суму на пастаўкі зброі ва Ўкраіну вылучыў таксама Эўразьвяз. Шэраг краінаў таксама дазволілі сваім грамадзянам змагацца супраць Расеі ў шэрагах украінскага замежнага легіёну.
Сёньня дзявяты дзень расейскага ўзброенага ўварваньня ва Ўкраіну. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абгрунтаваў яго таксама тым, што NATO нібыта хацела ператварыць Украіну ў свой антырасейскі фарпост, а кіраўнік Думы Вячаслаў Валодзін заявіў, што Расея нібыта нанесла папераджальны ўдар. Украіна і NATO гэта адмаўляюць.