Эўразьвяз прыпыняе трансьмежную і транснацыянальную супрацу зь Беларусьсю і Расеяй

Старшыня Эўракамісіі Ўршуля фон дэр Ляен пасьля экстранага саміту ЭЗ у справе Ўкраіны ў Брусэлі, 25 лютага 2022 году
Старшыня Эўракамісіі Ўршуля фон дэр Ляен пасьля экстранага саміту ЭЗ у справе Ўкраіны ў Брусэлі, 25 лютага 2022 году

Пасьля ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і паводле рашэньня Эўракамісіі аб поўным выкананьні ўсіх абмежавальных мераў ЭЗ Камісія прыпыніла супрацоўніцтва з Расеяй і яе хаўрусьнікам Беларусьсю ў рамках праграмаў трансьмежнага супрацоўніцтва.

Пра гэта гаворыцца на сайце Эўракамісіі. Сярод іншага, ідзецца аб праектах у рамках Эўрапейскага інструмэнту суседзтва (ENI CBC) і рэгіянальнай праграмы Interreg Baltic Sea.

Гэта азначае, што далейшых выплатаў у Расею і Беларусь рабіць ня будуць.

Прыпыненьне неадкладна ўступае ў сілу для дзевяці праграмаў ENI CBC з удзелам Расеі і Беларусі, а таксама для транснацыянальнай праграмы Interreg Baltic Sea на 2014–2020 гг.

Агульнае фінансаваньне ЭЗ для дзьвюх праграмаў зь Беларусьсю складала 257 мільёнаў эўра, а для васьмі праграмаў з Расеяй — 178 мільёнаў эўра.

Палажэньне аб праграмах супрацы ENI прадугледжвае іх прыпыненьне ў выпадку парушэньня міжнароднага права, правоў чалавека, дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства закону.

Супраца з абедзьвюма краінамі ў рамках новага пэрыяду праграмаваньня 2021–2027 гадоў таксама прыпынена.

Камісар у пытаньнях згуртаванасьці і рэформаў Эліза Фэрэйра заявіла:

«Расейская ваенная агрэсія ёсьць парушэньнем Статуту ААН, міжнароднага права і заснаванага на правілах парадку. Прыпыненьне ўсіх трансьмежных і транснацыянальных праграмаў і выплатаў у Расею і Беларусь і, у той жа час, узмацненьне падтрымкі Ўкраіны — гэта канкрэтны выраз салідарнасьці эўрапейскай палітыкі і палітыкі згуртаваньня з украінскім народам».

​
XS
SM
MD
LG