«Моргі забітыя, таму трупы вязуць адразу на расейскія цягнікі». Што робіцца ў мазырскім шпіталі

Cанітарныя вайсковыя расейскія машыны і вайсковыя машыны каля Мазырскага гарадзкога шпіталя 28 лютага

Мазырская гарадзкая лякарня ад пачатку вайны прымае параненых расейскіх вайскоўцаў. Жыхары Мазыра штодзень фіксуюць калёны санітарных «ПАЗікаў» каля шпіталя.

Цяпер, паводле сьведак, месцаў для нябожчыкаў у моргу не хапае — іх адразу грузяць на расейскія цягнікі, якія прыбываюць на станцыю Мазыр.

«Цяпер, каб не было ўцечкі інфармацыі, лякарню ахоўвае міліцыя і КДБ. Мэдыкі нічога не расказваюць — зь іх узялі падпіску аб невыдаваньні, пагражаюць не працягнуць кантракту. Хірургаў не стае. Раней трупы перавозілі на санітарных „ПАЗ“ і грузілі на расейскія цягнікі. Пасьля таго, як нехта зьняў відэа пра гэта і яно пайшло гуляць па інтэрнэце, пачалі целы грузіць ноччу, каб не прыцягваць увагі», — расказала Свабодзе крыніца.

Днямі ў Instagram зьявілася відэа з выгрузкай параненых ці загінулых расейскіх вайскоўцаў на мазырскай чыгуначнай станцыі.

У некаторых Instagram-акаўнтах мясцовых жыхароў пачалі зьяўляцца абвесткі, што параненым расейцам патрэбна дапамога і яны заклікаюць жыхароў Мазыра прынесьці ў шпіталь для іх падгузкі, вільготныя сурвэткі, мыла, шампунь, ваду, пячэньне, адзеньне.

Раней Свабода паведамляла, што параненых рсейскіх вайскоўцаў прымаюць прынамсі тры шпіталі ў Гомлі, а таксама лякарні ў Брагіне і Хойніках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Моргі і шпіталі ў Гомельскай вобласьці перапоўненыя расейскімі вайскоўцамі, — сьведкі

2 сакавіка Мінабароны Расеі ўпершыню назвала лічбу загінулых і параненых расейскіх вайскоўцаў. Паводле іх, у часе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (расейскія афіцыйныя асобы, як і СМІ, не ўжываюць слова «вайна») 498 вайскоўцаў загінулі і 1597 атрымала раненьні. Кіеў ацэньвае страты расейскага боку ў 9000 чалавек (па стане на раніцу 3 сакавіка).

1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка назваў паведамленьні пра тысячы ахвяраў з боку расейскага войска фэйкам.