Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моргі і шпіталі ў Гомельскай вобласьці перапоўненыя расейскімі вайскоўцамі, — сьведкі


Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Частку шпіталя хуткай дапамогі ў Гомлі цалкам аддаюць пад патрэбы параненых у вайне з Украінай расейскіх салдатаў.

Як стала вядома Свабодзе, гаворка ідзе пра будынак на вуліцы Камісарава ў Гомлі, дзе цяпер лябараторыя. Адтуль выносяць апаратуру і абсталяваньне, рыхтуюцца да прыёму параненых расейцаў. За савецкім часам у гэтым гістарычным будынку 1913 году пабудовы быў вайсковы шпіталь Гомельскага гарнізону.

Па сьведчаньні жыхароў Гомля, параненых расейцаў па горадзе возяць вельмі часта. Іх вязуць у мінімум тры шпіталі — абласны, у Касьцюкоўцы і Цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны. Моргі ў Гомлі перапоўненыя.

Жыхароў Гомля тэрмінова выпісваюць са шпіталя № 4, каб аддаць яго параненым расейцам. Гомельцы паведамілі, што 1 сакавіка хворых са шпіталя № 4 (знаходзіцца ў Касьцюкоўцы) выпісалі, каб аддаць шпіталь параненым расейцам.

Па сьведчаньні мясцовых, цяпер у Цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны каля 400 параненых расейцаў.

Перапоўнены шпіталь і ў Мазыры.

«Кожны дзень прывозяць недзе па сотні параненых. Вязуць з Нароўлі — там разгорнуты палявы шпіталь. У Нароўлі іх пазначаюць — каго на апэрацыю, каго выпісваць ці ў морг», — паведамляе крыніца з Мазыра.

Іншыя крыніцы кажуць, што параненыя расейцы знаходзяцца таксама ў шпіталях Брагіна і Хойнікаў. Таксама паведамляюць, што ад параненых даведаліся пра іхныя заробкі ў расейскім войску. Нібыта яны атрымліваюць па 27 тысяч расейскіх рублёў.

Прэсавая сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна таксама заявіла ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Рада», што ў Мазыры моргі перапоўненыя целамі загінулых расейскіх вайскоўцаў.

«Прычым там этнічныя чачэнцы. Мы ведаем, што ім даручылі пакласьці трупы агрэсараў на доўгатэрміновае захоўваньне. Гэта азначае, што яны баяцца адпраўляць у Чачэнію „Груз 200“. Мы павінны гэта данесьці і да чачэнцаў, і да расейцаў, што беларускія моргі на поўдні Беларусі ўжо запаўняюцца трупамі іхных жаўнераў. Гэта важна, і няхай яны гэта ведаюць. Мы не дамо расейскай прапагандзе гэта ўтаіць», — заявіла Ганна Красуліна.

Яна спаслалася на інфармацыю штба Сьвятланы Ціханоўскай, што плянуецца ўвядзеньне ва Ўкраіну беларускага войска, «але нашыя войскі не матываваныя ваяваць, бо для беларусаў вайна ня спосаб вырашаць праблемы. Вядома, могуць быць загад і заградатрады ФСБ, але мы матывуем моладзь пераходзіць на ўкраінскі бок».

1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка назваў паведамленьні пра тысячы ахвяраў з боку расейскага войска фэйкам.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG