У Кіеве заявілі аб магчымых узброеных правакацыях Расеі ў памежных раёнах Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей

Расейскія танкі ў Гомлі, люты 2022

Намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што імавернасьць наступу Расеі з тэрыторыі Беларусі або ўварваньня беларускіх войскаў ва Ўкраіну застаецца нізкай.

«Аднак не выключаецца магчымасьць ажыцьцяўленьня Сіламі спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь супольна з падразьдзяленьнямі спэцыяльнага прызначэньня і баевікамі прыватных вайсковых кампаній Расейскай Фэдэрацыі ўзброеных правакацый у памежных з Украінай раёнах Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей для інсьпіраваньня антыўкраінскіх настрояў у беларускім грамадзтве», — сказаў Аляксей Громаў 28 ліпеня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, цягам наступных трох месяцаў таксама застаецца пагроза нанясеньня ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Ўкраіну «Іскандэрамі», вядома пра 25 запускаў ракет

Сёньня раніцай з тэрыторыі аэрадрома «Зябраўка» у Гомельскай вобласьці з ракетных сыстэм «Іскандэр» расейскія войскі абстралялі тры грамады ў Чарнігаўскай і Кіеўскай абласьцях. У Чарнігаўскай вобласьці ракеты трапілі ў лясныя масівы, у Кіеўскай вобласьці пашкодзілі інфраструктурны аб’ект. Улады ўдакладняюць інфармацыю аб магчымых ахвярах і пашкоджаньнях іншых аб’ектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Куды трапілі расейскія ракеты «Іскандэр», якія запусьцілі па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі 28 ліпеня