«Украіна — гэта дзяржава, а Беларусь — не»: ацэнка беларускай юрысткі з Кіева

Кіеў, 26 лютага 2022

Якая цяпер сытуацыя ў Кіеве? Як ўкраінцы ставяцца да беларусаў? Як у сытуацыі вайны дзейнічае ўкраінская дзяржава? Ці засталіся ў беларускай дзяржавы прыкметы сувэрэнітэту? Ці можна разглядаць Беларусь як акупаваную дзяржаву?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае беларуская юрыстка, спэцыялістка ў міжнародным праве, якая жыве ў Кіеве, Кацярына Дзяйкала.

Дзяйкала

Кацярына Дзяйкала

  • Я цяпер у Кіеве з дачкой. Дачка прыйшла ў 7 раніцы 24 лютага, кажа — настаўніца напісала ў чаце, што былі выбухі, таму ў нас праца на адлегласьці. Першыя гадзіны ў мяне былі шок і паніка, але потым я супакоілася. У нашым раёне бамбаваньняў і абстрэлаў не было.
  • Сёньня ў дом на праспэкце Лабаноўскага трапіла ракета, ён недалёка ад месца, дзе я жыву. Ня ведаю, ці буду я выяжджаць. Зараз гэта немагчыма, сёньня ў Кіеве абвешчаная камэнданцкая гадзіна з 17.00 да 8-й раніцы панядзелка. Цяпер такая сытуацыя з дарогамі і мяжой, што невядома, ці больш бясьпечна заставацца, ці ехаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы выстаялі і пасьпяхова адбілі варожыя атакі. Баі працягваюцца». Зяленскі выступіў са зваротам. ВІДЭА
  • Сырэны папярэджваюць, калі трэба спускацца ў бамбасховішча, пра гэта гавораць у тэлевізіі — на супольным канале ўкраінскіх тэлеканалаў. У ТГ-каналах афіцыйных ведамстваў пішуць, калі абвяшчаецца паветраная трывога. Учора гэта было 4 разы на дзень.
  • Ніякай дыскрымінацыі, няпрыязі да сябе за тое, што я беларуска, я не адчула. Мая дачка ходзіць у расейскамоўную школу, дзеці ведаюць, што мая дачка — беларуска. І яе там за гэта ніхто не цкуе. Яны вырашылі ў сваім чаце размаўляць па-ўкраінску, ёй дазволілі пісаць па-расейску.
  • Што да расейскай мовы, то ў бамбасховішчы, куды я спускаюся, 80% гавораць па-расейску. У крамах прадавачкі гавораць па-ўкраінску, але ніякага раздражненьня мая расейская не выклікала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага
  • Усё працуе — водазабесьпячэньне, цяпло, інтэрнэт. Закрыліся кавярні, маленькія крамкі. У нашым раёне працуе супэрмаркет. 24-га былі вялікія чэргі ў крамах і аптэках, калі ўсе напалохаліся. Але ўжо ўвечары ўчора чэргаў не было. Харч у крамах ёсьць.
  • Нават у гэтых умовах Украіна — гэта дзяржава, а Беларусь — не. Нават у гэтых экстрэмальных умовах я адчула, што такое, калі дзяржава клапоціцца пра цябе. Украіна — гэта дзяржава, паводле функцыяў яна збудаваная не на асобах, а на інстытутах.
  • І яны тут працуюць, яны робяць тое, што павінны. І гэта не «хацелкі» адной асобы, якая можа паклікаць у сваю краіну чужых вайскоўцаў і дазволіць ім рабіць усё, што яны хочуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар аховы здароўя Ўкраіны: Расейцы мэтанакіравана расстрэльваюць мэдычныя ўстановы
  • Тут шмат праблемаў, Але вайна і пры гэтым вельмі скаардынаваная дзейнасьць дзяржавы, празрыстае інфармаваньне. Я праз кожныя 3 гадзіны бачу мэра Кіева і прэзыдэнта, яны даюць інструкцыі, што трэба рабіць. Два важныя наратывы — не панікаваць і ня верыць фэйкам.
  • І параўноўваю з сытуацыяй каранавірусу, калі беларуская дзяржава ўвесь час хлусіла і замоўчвала інфармацыю. Я ўявіла сабе, калі б нехта зараз напаў на Беларусь, дык улада таксама ўвесь час бы хлусіла, даверу ёй ніякага няма.
  • Юрыдычна Беларусь свой сувэрэнітэт яшчэ ня страціла, але фактычна — так. Гэта ўжо можна назваць failed state, недзеяздольная дзяржава. Яна ня спраўдзілася як набор неабавязковых функцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым напад Расеі на Ўкраіну стаў для Лукашэнкі. 8 тэзісаў палітоляга Карбалевіча
  • Ня можа кіраўнік выканаўчай улады даведвацца са СМІ, што нейкія замежныя войскі пайшлі ў наступ празь межы яго краіны. Пра тое, што Беларусь — failed state, можна казаць са жніўня 2020 году, а нават і з пандэміі каранавірусу.
  • Мяркую, што тут ён проста схлусіў, ён усё выдатна ведаў наконт руху войскаў, але проста ня можа гэтаму супрацьстаяць. Аднак гэта таксама прыкмета failed state.
  • Калі ён сьвядома ўдзельнічае ў такім цяжкім злачынстве, як ваенная агрэсія, значыць, ён саўдзельнік. Запрашэньне на вучэньні, нават працяг вучэньняў — гэта яшчэ не парушэньне міжнароднага права.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, – меркаваньне
  • Цікава, што ён адназначна ня кажа, што аддаў загад ці ўхваліў загад на ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну зь Беларусі. Але юрыдычна ў кантэксьце агрэсіі вынік не мяняецца. Прадастаўленьне сваёй тэрыторыі для агрэсіі супраць трэцяй краіны — гэта агрэсія. І няважна, ці даваў ён на гэта згоду. Ён не перашкаджаў.
  • Я ня згодная зь цяперашняй кваліфікацыяй Беларусі як акупаванай краіны. Акупацыя не адбываецца са згоды ўладаў, акупацыя прадугледжвае стварэньне акупацыйнай адміністрацыі.
  • Беларусь ужо ўдзельнічае ў агрэсіі, пытаньне ў ступені ўдзелу. Калі пасьля рэфэрэндуму Беларусь прызнае «ЛДНР», калі Лукашэнка пашле беларускіх салдатаў на вайну, то Беларусь будзе як агрэсар трапляць не пад адзін, а пад некалькі пунктаў вызначэньня агрэсіі у ААН.
  • Але тады зь юрыдычнага пункту гледжаньня становішча Беларусі пагоршыцца.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Кацярына Дзяйкала