Украінскае войска адстаяла горад Васількоў пад Кіевам, дзе расейскі дэсант хацеў захапіць аэрадром

Вайсковы аэрадром у Васількове

«Страшней за ўсё было на вуліцы Дзекабрыстаў, там ішлі баі, вуліца палала». У Васількове знаходзіцца адно з вайсковых авіяцыйных вучылішчаў.

Мэр горада Натальля Баласіновіч у эфіры тэлеканалу «1+1» заявіла, што штурм расейскімі вайскоўцамі Васількова Кіеўскай вобласьці, які доўжыўся ўсю ноч, скончыўся перамогай Ўзброеных сіл Украіны.

«Страшней за ўсё было на вуліцы Дзекабрыстаў, там ішлі баі, вуліца палала. Яны (расейскія дэсантнікі) марылі захапіць наш аэрадром, каб разьмясьціць свае баявыя часткі, але наша 40-я брыгада адбіла атаку. Цяпер заканчваюцца баі. Можна сказаць, што ў Васількове ўжо ціха, і наша страшная ноч падышла да свайго канца», — сказала кіраўніца гораду.

Паводле яе слоў, з учарашняга дня ў горадзе быў ракетны абстрэл воінскіх часьцей і аэрадрому, высаджваўся расейскі дэсант.

Своечасова падасьпелі дасланыя з Кіева баявыя машыны, пасьля баёў з параненымі і загіблымі Васількоў абаранілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выбухі ў Кіеве, украінская армія паведаміла аб адбіцьці атакі на вайсковую частку ля праспэкта Перамогі

Сярод абаронцаў 200 параненых, ёсьць забітыя

У Васількове ішоў бой на цэнтральнай вуліцы горада імя Дзекабрыстаў, пра гэта паведамляла ў эфіры канала «Рада» мэр гораду Натальля Баласіневіч.

«У нас вельмі жорсткія баі на галоўнай вуліцы горада... Яна цалкам занятая баямі. На шчасьце, зараз ёсьць добрая інфармацыя, якую я не магу агучыць у эфіры. Мы бачым, што нашы Ўзброеныя сілы вельмі згуртаваныя, іх тактыка вельмі прадуманая, ёсьць вялікая дапамога», — сказала яна.

Пры гэтым Баласіневіч адзначыла, што сярод абаронцаў горада ёсьць страты:

«На жаль, 200 параненых, але мы верым у нашых салдат і перакананыя, што і Васількаў, і Кіеў, усе астатнія ўкраінскія гарады, абавязкова выжывуць».