ОНЛАЙН-ТРАНСЬЛЯЦЫЯ:
Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютагаСвабода датэлефанавалася да Сяргея неўзабаве пасьля таго, як ён змог трапіць у вагон электрычкі Кіеў — Роўна. Ён расказаў пра тое, што цяпер адбываецца на цэнтральным чыгуначным вакзале Кіева і ці проста выехаць з гораду чыгункай.
Сяргей Балай. Архіўнае фота
«Вось літаральна хвіліну таму я сеў у электрычку да Роўна і далей адтуль буду выбірацца ў Польшчу, — расказаў Сяргей. — Гэта звычайная электрычка. Прычым літаральна ў апошні момант я даведаўся пра гэта: думаў, будзе цягнік з вагонамі. Нам паказалі ў апошні момант, зь якой каляіны яна адпраўляецца. Пачалася страляніна недзе за кілямэтар ад вакзала, усе пабеглі».
Па словах Сяргея, найбольшай папулярнасьцю ў ахвочых выехаць з Кіева карыстаюцца цягнікі на Львоў. Яны цяпер выяжджаюць з Кіева раз на дзьве гадзіны.
«Паніка дурная абсалютна, — гаворыць Сяргей. — Цягнікі падаюць пэрыядычна. Я вось спрабаваў убіцца ў адзін. Мая знаёмая журналістка змагла, а я не. Гэта ўсё як у фільмах пра Другую сусьветную. Усе ломяцца ў цягнік, іх адганяюць. Квіткоў ніхто не купляе, усе сядаюць бясплатна, пры гэтым людзі стаяць у касы чамусьці, там чэргі. А 20-й будзе цягнік на Варшаву, я ня ведаю, што там будзе адбывацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я застаюся ў Кіеве, бо веру ў перамогу». Эканаміст Яраслаў Раманчук расказвае пра пачатак вайныСяргей Балай расказвае, што на вакзал прыехаў у 8:30 ранку, каб крыху зарыентавацца, што адбываецца. Выехаць у яго атрымалася толькі ў 12:20. Дарога да Роўна ў яго зойме каля 7 гадзінаў. Сяргей спадзяецца трапіць з Роўна ў Польшчу. Ён ня мае польскай візы, але разьлічвае скарыстацца гуманітарным калідорам.
«У Кіеве, безумоўна, адчуваецца, што вайна, — гаворыць Сяргей. — Але яно так — пачынаюць страляць, людзі бягуць. Калі спакойна, то і людзі спакойныя. Кураць цыгарэты на вуліцы, размаўляюць. Уначы быў абстрэл ракетамі, але я яго праспаў. Суткі ня спаў да гэтага і пасьля вырубіўся і ўсе правароніў».
Па словах Сяргея, беларускія журналісты зараз пакідаюць Кіеў масава. Частка выехала у першы дзень вайны, рэшта стараецца выехаць сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Я асабіста да беларусаў прэтэнзіяў ня маю, толькі да таракана». Тысячы ўкраінцаў ужо выехалі ў ПольшчуНапад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.