Украінскі матрос ахвяраваў жыцьцём, каб падарваць мост ля Крыму і спыніць расейскія войскі

Украінскія вайскоўцы на пазыцыях

Украінскі інжынэр асобнага батальёну матрос Віталь Скакун падарваў Генічаскі мост, каб спыніць перасоўваньне расейскага войска.

Пра гэта паведамляе Генштаб Узброеных сілаў Украіны на сваёй старонцы ў facebook.

Як сказана ў пасце, «адным з самых цяжкадаступных месцаў» на мапе Ўкраіны стаў Крымскі пярэсмык, дзе расейскія войскі сустрэліся з асобным батальёнам украінскай марской пяхоты. Каб спыніць прасоўваньне танкавай калёны Расеі, было прынята рашэньне аб падрыве Генічаскага аўтамабільнага моста.

«Выканаць гэтую задачу вызваўся інжынэр асобнага батальёна матрос Скакун Віталь Уладзіміравіч. Мост быў замінаваны, але пайсьці адтуль ён не пасьпеў. Па словах пабрацімаў, Віталь выйшаў на сувязь і паведаміў аб тым, што ўзрывае мост. Адразу ж раздаўся выбух. Наш сабрат загінуў. Яго гераічны ўчынак значна замарудзіў прасоўваньне ворага, што дазволіла падраздзяленьню перадысьлякавацца і арганізаваць абарону», — заявілі ў Генштабе Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага