Лідэр дэпутацкай фракцыі партыі «Слуга народа» ў Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія, накіраваны 28 лютага для ўдзелу ў перамовах з Расеяй на ўкраінска-беларускай мяжы, на рацэ Прыпяці, паведаміў пра пазыцыю, зь якой ён зьбіраецца выступіць.
«Перамовы пойдуць альбо ў патрэбным Украіне кірунку, альбо як расейскі баявы карабель (г. зн. прапановы будуць адхіленыя — Рэд.)», — напісаў Арахамія ў ноч на 28 лютага.
Арахамія мае ўвазе адказ абаронцаў вострава Зьмяіны на ўльтыматум расейскім караблям, якія атачылі яго і прапанавалі здацца: «Русский военный корабль, ідзі на ...».
Адказваючы на камэнтарыі ў Facebook, Арахамія напісаў: «Мы выслухаем прапановы. А потым будзем абмяркоўваць, варта гэта ці не».
Чакаецца, што перамовы пачнуцца раніцай 28 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны: Кіеў і Масква дамаўляюцца пра перамовыЯк рыхтуюцца перамовы
27 лютага, агучваючы пасьля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў: «Лукашэнка папрасіў, каб украінская і расейская дэлегацыі сустрэліся на рацэ Прыпяць. Падкрэсьліваю — без усялякіх умоваў. Скажу шчыра, як заўсёды, — я ня вельмі веру ў вынік гэтай сустрэчы, але няхай паспрабуюць».
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што ня супраць такой сустрэчы, каб «тады ні ў воднага грамадзяніна Украіны не было сумненьняў у тым, што я як прэзыдэнт не спрабаваў спыніць вайну, калі быў маленькі, але ўсё ж шанец».
Раней 27 лютага Зяленскі заявіў, што Лукашэнка ўзяў на сябе адказнасьць за тое, каб усе самалёты, верталёты і ракеты, якія знаходзяцца ў Беларусі, заставаліся на зямлі падчас паездкі, перамоў і вяртаньня ўкраінскай дэлегацыі.
Паводле яго, мінулая ноч «была цяжкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША назвалі ідэю Масквы аб перамовах з Украінай у Менску «дыпляматыяй пад руляй пісталета»Чаму Ўкраіна адмовілася ад Менска і Гомля як пляцоўкі прерамоваў
На другі дзень расейскага ўварваньня прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў заявіў, што Ўкраіна не адмаўлялася ад перамоваў з Расеяй і што бакі кансультуюцца наконт месца і часу перамоўнага працэсу.
25 лютага ў Крамлі заявілі, што Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю на ўзроўні прадстаўнікоў Мінабароны, МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта для правядзеньня перамоў з украінскім бокам. Потым яны накіравалі такую дэлегацыю ў Гомель, але Ўкраіна на паслала сваіх прадстаўнікоў, бо зь Беларусі ідзе агрэсія супраць Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі: «Перамоваў у Гомлі ня будзе, бо зь Беларусі ляцяць ракеты ва Ўкраіну»27 лютага прэс-сакратар прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў заявіў, што на перамовах у Гомелі, куды прыбыла расійская дэлегацыя, не будзе прадстаўнікоў Украіны.
«Мы таксама чулі заявы, што расейская дэлегацыя прыбыла ў Гомель на перамовы. Трэба сказаць, што прадстаўнікоў Украіны там ня будзе. Гэты фармат сапраўды абмяркоўваўся. Але ў апошні момант расейскія перамоўшчыкі запатрабавалі ад украінскай арміі спачатку скласьці зброю. Пры гэтым ім адразу ж паступіла прапанова пайсьці за „расейскім караблём“. Таму іх цяперашнія заявы і рашэньні, нягледзячы ні на што, дэманстратыўна ехаць у Гомель — гэта толькі інфармацыйны ціск і спроба перакласьці адказнасьць за правал на Украіну. Гэта няпраўда», — сказаў прэс-сакратар.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 27 лютага заявіў, што Менск не можа быць пляцоўкай для перамоваў аб спыненьні вайны Расіі супраць Украіны і што перамовы павінны адбывацца ў любым іншым горадзе «ў краіне, дзе не лятаюць ракеты».
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.