Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны: Кіеў і Масква дамаўляюцца пра перамовы

Сяргей Нікіфараў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны
Сяргей Нікіфараў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны

Сяргей Нікіфараў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, паведаміў у Фэйсбуку, што ўкраінскі і расейскі бакі праводзяць кансультацыі наконт месца і часу перамоўнага працэсу.

«Я павінен абвергнуць сьцьвярджэньні, што мы адмовіліся ад перамоваў. Украіна была і застаецца гатовай гаварыць аб спыненьні агню і міры. Гэта наша нязьменная пазыцыя. Мы пагадзіліся на прапанову прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. У гэтыя гадзіны бакі кансультуюцца аб месцы і часе перамоўнага працэсу. Чым раней пачнуцца перамовы, тым больш шанцаў на аднаўленьне нармальнага жыцьця», — напісаў Нікіфараў.

Як паведаміла агенцтва «Уніан», прэзыдэнт Зяленскі зьвярнуўся да прэм'ер-міністра Ізраілю з просьбай стаць пасярэднікам у перамовах з РФ.

Раней 25 лютага прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што Расея гатовая адправіць у Менск на перамовы з Украінай сваю дэлегацыю. Потым Пяскоў заявіў, што ўкраінскі бок у адказ на ідэю правесьці перамовы ў Менску прапанаваў Варшаву, а затым нібыта «сышоў з сувязі».

Яшчэ раней сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб гатоўнасьці абмяркоўваць з Масквой нэўтральны статус Украіны.

​
XS
SM
MD
LG