Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны: магчымы напад на Ўрадавы квартал у Кіеве

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны не выключае магчымасьці нападу расейскіх сілаў на Ўрадавы квартал у Кіеве, заявіў на брыфінгу 24 лютага дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў антыкрызісных пытаньнях Міхаіл Падаляк.

У сувязі з гэтым Падаляк параіў журналістам, якія працуюць сёньня ў прэс-цэнтры Офісу прэзыдэнта, «ісьці ў рэдакцыю і працаваць у рэдакцыі».

«Цяпер у Гастомлі ідуць магутныя баі і магчымая спроба пранікненьня ва ўрадавы квартал. Адна з мэтаў — адхіленьне найвышэйшага кіраўніцтва краіны», — сказаў ён.

Украінскія вайскоўцы зьнішчылі каля Гастомля 2 расейскія гелікоптары. Відэа аднаго зь іх апублікаваў дарадца міністра МУС Антон Герашчанка. Жыхары Гастомля паведамляюць пра выбухі ды абстрэлы ў раёне Гастомельскага аэрадрому.

Інфармацыю пра абстрэл у Гастомлі, што ў 30 кілямэтрах ад Кіеву, таксама пацьвердзіла крыніца Свабоды. Найхутчэйшы шлях для расейскіх войскаў да Гастомля - празь беларуска-украінскую мяжу.


ОНЛАЙН-ТРАНСЬЛЯЦЫЯ:

Расея напала на Ўкраіну, Лукашэнка падтрымаў агрэсію. Хроніка баявых дзеяньняў і сусьветная рэакцыя 24 лютага