Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе абавязкі прадстаўніка беларускага народу і стварае пераходны кабінэт. Латушка падтрымаў

Сьвятлана Ціханоўская

Беларуская дэмакратычная лідэрка заявіла, што падступны напад Расеі на Ўкраіну адбыўся пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

У сваёй заяве Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што «Лукашэнка і яго рэжым цалкам падзяляюць з прэзыдэнтам Расеі адказнасьць за гэтую вайну».

«Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўвёў замежныя войскі і зрабіў нашую краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народу і беларускай дзяржавы».

Такім чынам, падкрэсьліла Ціханоўская, Лукашэнка ня можа лічыцца гарантам незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласьці Беларусі.

«Я, Сьвятлана Ціханоўская, на аснове паўнамоцтваў, дадзеных мне беларускім народам у выніку прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, бяру на сябе адказнасьць зь сёньняшняга дня адстойваць незалежнасьць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусі. Я буду выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта ягоных правоў і свабодаў да новых выбараў. Я ствараю пераходны кабінэт як нацыянальны орган улады Рэспублікі Беларусі. Жыве Беларусь!»

«Да гэтага моманту Сьвятлана прадстаўляла беларусаў, якія прагаласавалі за яе на выбарах. Цяпер жа, ва ўмовах дзяржаўнай здрады, якую зьдзейсьніў Лукашэнка, яна гатовая прадстаўляць сувэрэнную Беларусь, якая супраць вайны і за захаваньне нэўтральнага статусу адпаведна Канстытуцыі, — і ўзяць адказнасьць за абарону яе незалежнасьці.

Таму Ціханоўская стварае пераходны кабінэт як легітымны цэнтар сілы, каб даць альтэрнатыву ўсім, хто зараз не зьбіраецца выконваць злачынныя загады. Мы будзем апэратыўна інфармаваць вас аб разьвіцьці падзеяў», — заявілі пазьней у прэсавай службе Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Украінцы, прабачце беларусам». Як беларуская апазыцыя адрэагавала на абвешчаную Пуціным вайну Ўкраіне

Латушка падтрымаў Ціханоўскую

У сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны і ўцягваньня акупаванай тэрыторыі Беларусі ў вайну Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва Паўла Латушкі падтрымала рашэньне Ціханоўскай аб прыняцьці паўнамоцтваў, нададзеных ёй беларускім народам у выніку прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, для адстойваньня незалежнасьці і нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусі.

«Суграмадзяне, беларусы, я зьвяртаюся да вас з заклікам аказваць пасільны супраціў акупацыйнай уладзе. Заклікаю вайскоўцаў Рэспублікі Беларусі захаваць вернасьць прысязе беларускаму народу, ня ўдзельнічаць у ваеннай агрэсіі супраць братняга ўкраінскага народу і пры магчымасьці пераходзіць на бок Узброеных Сілаў Украіны. Памятайце, што загады Лукашэнкі ня маюць юрыдычнай сілы і зьяўляюцца злачыннымі».

Таксама НАК заклікала стварыць у Беларусі нацыянальна-вызвольны рух.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.