«Беларусь амаль непазьбежна трапіць у тую ж катэгорыю краінаў, у якой знаходзіцца Расея» — палітоляг Мошэс
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Ролю Беларусі ў расейскім нападзе на Ўкраіну пракамэнтаваў Свабодзе дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс.
Што б ні адбылося далей, тое, што адбываецца, — кепска для Беларусі. Як для краіны, ня толькі для рэжыму. На дзеяньні рэжыму практычна непазьбежна будуць заходнія санкцыі. Можа, гэта яшчэ не пераход Лукашэнкам «чырвонай лініі», але вельмі да яе блізка.
Захад апошнім часам адносна Беларусі ўсё больш прыходзіў да думкі, што санкцыі павінны ўзмацняцца. Размовы з Лукашэнкам ужо сканчаліся. Пасьля рэфэрэндуму яны б у любым выпадку скончыліся. Беларусь амаль непазьбежна трапіць у тую ж катэгорыю краінаў, у якой знаходзіцца Расея і ў якой не знаходзяцца Казахстан і Армэнія, якія заявілі, што прызнаваць самаабвешчаных рэспублік ня будуць.
Лукашэнка спрабуе выкручвацца, ён усё яшчэ спрабуе балянсаваць. Але атрымліваецца ў яго кепска. У яго ў краіне знаходзяцца дзясяткі тысяч вайскоўцаў чужой арміі, якая паводзіць сябе так, як яны хочуць сябе паводзіць. Калі праўда, што загады на ўдзел расейскай групоўкі ў Беларусі ў баявых дзеяньнях аддаюцца ў абыход Лукашэнкі — гэта канец Лукашэнкі як самаўладнага, больш-менш самастойнага кіраўніка Беларусі.
Гэта яго канец, таму што наступны загад можа быць аддадзены на апэрацыю супраць яго асабіста. Мяркую, што ён супраціўляцца ўжо ня зможа. Важна тое, што з тэрыторыі Беларусі ці ўжо ажыцьцяўляецца, ці можа быць ажыцьцёўленая агрэсія. Лукашэнка хацеў гэтаму супрацьстаяць, але я ўпэўнены, што ён ня здолеў гэтаму супрацьстаяць.