«Я нікуды не ўцякаю». Беларусы расказваюць пра сытуацыю ў Кіеве пасьля ранішняга нападу Расеі

Наступствы абстрэлаў у Кіеве

Украінскія ўлады ўсіх узроўняў заклікаюць грамадзян не панікаваць і ўважліва выконваць рэкамэндацыі вайсковага і дзяржаўнага кіраўніцтва.

Яшчэ ўчора людзі не панікавалі і нават не ўцякалі з краіны, але шмат хто выехаў або вывез свае сем’і на захад краіны, ва Ужгарад, Львоў, Івана-Франкоўск, як найбольш бясьпечныя гарады. Але і гэтыя рэгіёны сёньня трапілі пад ракетныя ўдары Расеі.

Як пачалася сёньняшняя раніца для беларусаў, якія ўжо больш за 10 гадоў жывуць ва Ўкраіне?

«Я ня буду панікаваць»

Беларуская журналістка-фрылансэр Вераніка Бягун жыве ва Ўкраіне ўжо 23 гады, з мужам і дачкой. Кажа, што напярэдадні памыла падлогу і схадзіла з дачкой у кіно. Глядзелі «Лякрычную піцу».

«Апошні фільм у маім жыцьці да гукаў выбухаў за вакном. Я думала, гэта так гучна сьмецьце забіраюць. А гэта ракеты і бомбы», — напісала Вераніка.

Яна напісала, што назірае з вакна сваёй кватэры, як людзі грузяць свае валізкі ў аўтамабілі. «Гэта магла быць я. Але я нікуды ня еду. Я ня буду панікаваць. Нават калі зьнікне інтэрнэт і тэлефонная сувязь».

Вераніка кажа, што цяпер ва ўсіх суседніх крамах і аптэках вялікія чэргі. І шмат людзей ідуць зь вялікімі пакункамі і бутлямі вады. «У нас ёсьць запас прадуктаў і вады на пару дзён. Сваякі выехалі за горад. Ва ўсходнім кірунку дарогі вольныя. Усе, хто можа, рушылі на захад».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Украінцы, прабачце беларусам». Як беларуская апазыцыя адрэагавала на абвешчаную Пуціным вайну Ўкраіне

Беларуска кажа, што раніцай патэлефанавала 86-гадовай настаўніцы музыкі сваёй дачкі. Яна зьбіралася на працу, у музычную школу. Пра ваеннае становішча і падзеі гэтай раніцы яна ня ведала. У яе няма інтэрнэту. Я паспрабавала яе супакоіць«.

«Я не хачу кідаць сваё жыцьцё і свой любімы горад»

Тацяна, якая пераехала зь Беларусі ва Ўкраіну 17 гадоў таму, таксама жыве ў Кіеве і займаецца турыстычнай журналістыкай.

«Я застаюся дома. Магчыма, гэта неразумна. Але я не хачу кідаць сваё жыцьцё. Свой цудоўны горад. Маю любоў. Чуваць сырэну. Калі нас разбамбяць ці расстраляюць, то нічога не паробіш. А калі пашанцуе і мы выжывем, то трэба есьці і піць. Абдыміце сваіх блізкіх. З намі Бог», — сказала Тацяна.

Паводле яе, у чарзе па ваду яна разгаварылася зь перасяленцамі з Данецку. «Яны патлумачылі мне, што ўсё гэта перажылі ў 2014 годзе ў Данецку. І што няма сэнсу ўцякаць у бомбасховішча, калі пачынаецца артабстрэл. Варта хавацца ў памяшканьні або пад’езды, дзе няма вокнаў», — расказала беларуска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна разарвала дыпляматычныя адносіны з Расеяй

Слова таксама зброя

Беларускі экспэрт Ігар Тышкевіч, якія працуе ва Ўкраінскім інстытуце будучыні, лічыць, што цяпер асабліва пільна трэба ставіцца да інфармацыі.

«Вайна. Гэта факт. З таго, што можна зрабіць: фільтраваць інфармацыю, а ня верыць усяму, што закідваюць. Не распаўсюджваць „фактаў“ без пацьвярджэньня. Слова таксама зброя. Ня варта падстаўляцца і тым больш дапамагаць ворагу. І тым больш ня варта гаварыць ці пісаць аб перамяшчэньні сілавікоў. Выстаім», — напісаў ён.

Беларускія арганізацыі рэкамэндуюць ехаць на захад

Беларуская арганізацыя Free Belarus Center настойліва параіла усім беларусам, якія апынуліся ў Кіеве, любымі спосабам пераяжджаць на захад Украіны.

«Сябры, мы настойліва рэкамэндуем любымі даступнымі сродкамі экстрана перамяшчацца ў Львоў ці заходнюю частку Ўкраіны. Пакуль мы ня можам дапамагчы ў лягістыцы, але мы працуем над гэтым. У Львове мы паспрабуем дапамагчы вам з часовым жытлом і выездам за мяжу», — напісалі прадстаўнікі арганізацыі, створанай ў 2020 годзе для дапамогі беларусам, якія ўцякалі ад крымінальнага перасьледу за ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.