Да прыхільнікаў «традыцыйных каштоўнасьцяў» прыходзіць міліцыя — за подпісы пад зваротам да Лукашэнкі

Беларуская ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» на акцыі супраць хатняга гвалту, 2019 год

Група грамадзян, якія называюць сябе «прадстаўнікамі пралайфэрскіх арганізацый» і «прыхільнікамі традыцыйных каштоўнасьцяў», увосень 2021 году зьбірала подпісы пад зваротам да Лукашэнкі.

Яны прасілі, каб ён не прымаў паправак у закон аб прафіляктыцы правапарушэньняў. Цяпер да многіх падпісантаў прыйшла міліцыя.

«Пыталіся, ці сапраўды я ставіла подпіс і што мне не падабаецца», — скардзіцца адна з падпісантак. «Міліцыя дапытвалася, для чаго я ставіла подпіс пад зваротам, калі і дзе. Ці не ставіла я подпіс на пікеце», — дадае другая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады ўсё ж зьмяняюць законы пра хатні гвалт

Чаго яны хацелі ад Лукашэнкі?

З 2018 году «група грамадзян» піша шматлікія звароты ў дзяржаўныя органы. Яны зьбіраюць подпісы супраць абортаў, за забарону «ЛБГТ-ідэалёгіі», супраць закону аб хатнім гвалце. У 2018 годзе закон аб хатнім гвалце ня быў прыняты — на загад Лукашэнкі.

З пачатку 2022 году былі прынятыя папраўкі ў закон аб прафіляктыцы правапарушэньняў. Супраць паправак і выступалі «прыхільнікі традыцыйных каштоўнасьцяў».

Яны сьцьвярджаюць, што зварот падпісалі 3 тысячы чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў сёлета ня прыме закон аб хатнім гвалце

Група грамадзян вырашыла, што пад выглядам паправак адбываецца прасоўваньне закону аб хатнім гвалце. Яны выказаліся ў звароце, што супраць паправак. Бо яны супраць таго, што хатніх агрэсараў пасьля паправак у закон можна будзе абмяжоўваць.

«Мэта гэтага праекту не абарона рэальных ахвяраў, а прасоўваньне ў беларускае заканадаўства прынцыпаў радыкальных антысямейных ідэалёгій, такіх як фэмінізм, гендэрная ідэалёгія і тэхналёгіі дэпапуляцыі. Праект накіраваны на дыскрымінацыю мужчын і разбурэньне сям’і», — напісалі аўтары звароту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым вядомая прыхільніца Лукашэнкі Вольга Бондарава, пасьля «даносаў» якой распачынаюць крымінальныя справы

Яны прасілі Лукашэнку «не дапусьціць прыняцьця закону», «выключыць магчымасьць якога-небудзь уплыву радыкальнага фэмінізму, уплыву гендэрнай ідэалёгіі на прыняцьце рашэньняў у сфэры сямейнай, сацыяльнай і культурнай палітыкі».