Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым вядомая прыхільніца Лукашэнкі Вольга Бондарава, пасьля «даносаў» якой распачынаюць крымінальныя справы


Вольга Бондарава.

Вольга Бондарава — бадай што самая вядомая прыхільніца Лукашэнкі ў Горадні. Там, дзе яна зьяўляецца, заводзяць крымінальныя справы, а людзей зьнявольваюць.

38-гадовая Бондарава прадстаўляе праўладныя ініцыятывы «Инфоспецназ» і «Антивандал». Яе найчасьцей можна ўбачыць або з уключанай на смартфоне відэакамэрай, або ў ейных уласных відэароліках. Дык дзе «засьвяцілася» Вольга Бондарава?

Справа аб белай стужцы — 1,5 года калёніі

Фігурант справы — 39-гадовы гарадзенец Вадзім Плаўскі. Летась 30 кастрычніка ён забраў малую дачку з садка і гуляў зь ёй па мікрараёне. Яны ўбачылі, што нехта разьвесіў на парэнчах белыя стужкі. Адна стужка ўпала на зямлю. Дзяўчынка падышла і ўзяла стужку ў рукі.

Да іх падышла Бондарава, яна пачала здымаць тату зь дзіцем на камэру, перасьледаваць. Плаўскі ў адказ паваліў Бондараву на зямлю. Па ягоных словах, жанчына яго справакавала.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Плаўскі быў п’яны, а Бондарава атрымала пералом носа і страсеньне мозгу. Праўда, спачатку міліцыя заяўляла, што Бондарава ня мела сур’ёзных пашкоджаньняў. На Плаўскага завялі крымінальную справу за хуліганства.

Сёлета 2 красавіка суд прысудзіў Плаўскаму 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Справа аб зафарбаваным БЧБ — 1 год «хатняй хіміі»

Канфлікт узьнік летась 14 сьнежня ў Горадні. Гарадзенец Васіль Пілец гуляў з сынам і сабакам па вуліцы. Убачыў, што Бондарава і ейны паплечнік Аляксандар Галахаў зафарбоўваюць на тратуары нацыянальныя сьцягі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Пілец штурхаў Бондараву, сарваў маску з паплечніка, перакуліў бляшанку з фарбай.

На Пільца завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкула 339 КК). Пад варту яго ўзялі з пацьверджаным каранавірусам і запаленьнем лёгкіх. Бондарава і Галахаў — прадстаўнікі незарэгістраванага праўладнага руху «Антивандал» — праходзілі ў справе як пацярпелыя. Цялеснымі пашкоджаньнямі палічылі «прычынены боль».

Сёлета 12 лютага Пільца асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі».

Справа аб гноме-пікетоўцы — нікога не пакаралі

Галоўным героем гэтай гісторыі стаў цацачны гном з маленькім бел-чырвона-белым папяровым сьцяжком у руцэ. Ён стаяў на падваконьні ў кватэры горадзенскай сям’і Яраш.

Той самы гном. Фота Hrodna.Life
Той самы гном. Фота Hrodna.Life

12 студзеня Бондарава, якая была аднаклясьніцай гаспадыні кватэры Тацяны Яраш, сфатаграфавала гнома праз вакно. Увечары таго ж дня да сям’і прыйшла міліцыя «па ананімным званку». На гаспадара кватэры Юрыя Яраша склалі пратакол за несанкцыянаваны адзіночны пікет (частка 1 артыкула 23.34 КаАП). Бондарава праходзіла сьведкай па справе.

9 красавіка справу спынілі, бо выйшаў тэрмін даўнасьці.

Справа аб карціне — узялі пад варту мастака Алеся Пушкіна

Чарговым аб’ектам цікавасьці Бондаравай стала карціна з партрэтам антысаветчыка Яўгена Жыхара. Выстава мастака Алеся Пушкіна адкрылася ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця 19 сакавіка. Там мелася быць і згаданая карціна.

Бондарава завітала на выставу 22 сакавіка і, як заўжды, здымала свой візыт на камэру. Партрэта Жыхара ў экспазыцыі не было.

26 сакавіка стала вядома, што Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу аб «апраўданьні і рэабілітацыі нацызму» (частка 3 артыкула 130 КК) на гаспадара культурнай пляцоўкі «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна. Мажэйку выпусьцілі з-пад варты праз 72 гадзіны. Пушкін застаецца ў СІЗА да суду.

Кантрабанда цыгарэт

На судзе над Пільцом Бондарава на пытаньне пракурора адказала, што яе прыцягвалі як да адміністрацыйнай адказнасьці, так і да крымінальнай — у апошнім выпадку за кантрабанду цыгарэт.

Абурэньне праваслаўнымі абразамі

Адзін з апошніх візытаў Бондарава зрабіла ў галоўны праваслаўны храм Горадні — Сьвята-Пакроўскі сабор. У сабор хадзіла і паплечніца Бондаравай Алена Стэфановіч. Іхнюю ўвагу прыцягнулі каля дзясятка абразоў, якія вісяць там з 2007 году.

На абразах — выявы мучанікаў, якія загінулі ад перасьледу савецкай улады, а таксама выявы салдат Чырвонай арміі. Іх намалявалі з ініцыятывы архіяпіскапа Арцемія, з захаваньнем канонаў праваслаўнага іканапісу.

Бондарава ў сваім відэа зьвярнулася да кіраўніцтва праваслаўнай царквы з просьбай патлумачыць наяўнасьць гэтых абразоў у саборы.

«Мы ня можам адмовіцца ад гісторыі тых мучанікаў, на крыві якіх стаіць царква. А калі нас будуць прымушаць адмовіцца, мы таксама гатовыя праліць сваю кроў», — пракамэнтаваў гэта «Нашай Ніве» настаяцель царквы айцец Георгі Рой.

Прысутнічала на мітынгу НОД, зьдзекліва называла нацыянальны сьцяг

Вольга Бондарава вядомая сваімі прарасейскімі поглядамі. Яна зьяўляецца ў відэа блогера Дзьмітрыя Белякова, які быў ініцыятарам стварэньня прарасейскай партыі «Единое отечество».

На выходных пасьля Дня Волі Бондарава пайшла на мітынг у цэнтры гораду са сьцягамі расейскага руху НОД (Национально-освободительное движение) і георгіеўскімі стужкамі. Яна назойліва здымала мінакоў на камэру, прыставала да іх з пытаньнямі. На пытаньне адной з гарадзенак, ці ўзгоднены мітынг, Бондарава адказала, што кожны можа ўзгадніць мітынг. Дзе знаходзіцца міліцыя і мэдыкі, якія мусяць прысутнічаць на кожным масавым мерапрыемстве, яна не змагла адказаць.

Нацыянальны сьцяг Беларусі Бондарава назвала «бчб-анучай», прыхільнікаў пераменаў — «бчбесамі».

Абразы ў бок беларускай мовы

У адным з апошніх сваіх відэаролікаў Бондарава абураецца тым, што дзяцей у дзіцячым садку вучаць казаць па-беларуску «дзякуй», «добры дзень», «дабранач», а таксама — тым, што ў школе прадмет «Мая Радзіма Беларусь» вывучаюць толькі на беларускай мове.

«Гэта ўсё гвалтоўна навязваецца... „Дзякуй“ — гэта што? Гэта пераробка „dziękuję“ з польскай мовы...» — разважае Бондарава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG