Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў выступіў у Вярхоўнай Радзе. Ён гаварыў пра «Саюзную рашучасьць», колькасьць расейскіх войскаў і абвастрэньне на Данбасе.
Расея далучае дадатковыя войскі да вучэньняў
«Па-першае, мы не пацьвярджаем адвядзеньня расейскіх войскаў. Па-другое, мы назіраем за падразьдзяленьнямі расейскіх войскаў, якія налічваюць каля 129 тысяч наземнага кампанэнту і разам з марской ды авіяцыйным кампанэнтам гэтая колькасьць складае каля 149 тысяч», — паведаміў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у часе свайго выступу ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 18 лютага.
Паводле яго, асноўная частка войскаў ужо сьцягнутая, паколькі усе вайсковыя вучэньні, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, перайшлі ў актыўную фазу. «Мы чакаем, што найбліжэйшымі днямі будзе далучана яшчэ некалькі тысяч вайскоўцаў. Таксама мы чакаем, што ў Чорнае мора зойдуць яшчэ тры караблі», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыніцы ў выведцы ЗША: адвод войскаў Расеі ад мяжы з Украінай — хітрыкі«Наша выведка бачыць усе рухі, якія могуць уяўляць патэнцыйную пагрозу для Ўкраіны — кожны самалёт, верталёт ці танкавае падразьдзяленьне. Мы на сталым кантакце з нашымі міжнароднымі партнэрамі і атрымліваем пацьвярджэньне такой інфармацыі. Чарговы раз падкрэсьліваю — цяпер могуць падавацца розныя зьвесткі і даты нейкіх падзей, розныя сцэнары. Украінская армія ўсе іх адпрацавала і гатовая да іх. Мы ні ў якім разе не прымяншаем пагрозу, але імавернасьць маштабнай эскаляцыі ацэньваем як невысокую ў дачыненьні да ўварваньня ва Ўкраіну ў цэлым», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў.
Вайсковы аташэ Ўкраіны наведае фінальны этап вучэньняў «Саюзная рашучасьць»
Міністар абароны Ўкраіны таксама лічыць, што па выніках размовы зь міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным удалося наладзіць неабходную камунікацыю. Рэалізацыя першай дамоўленасьці аб назіраньні на ўзаемнай аснове за вучэньнямі на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны дазваляе рэалізаваць сталыя кантакты на ўзроўні міністраў абароны і кіраўнікоў генэральных штабоў.
«Акрамя супрацы на ўзроўні аташэ, мы дамовіліся аб пачатку сталых каналаў камунікацыі на ўзроўні кіраўнікоў генэральных штабоў і непасрэдна на ўзроўні міністраў, каб можна было апэратыўна выйсьці на кантакт і атрымаць інфармацыю аб нейкім інцыдэнце. Напрыклад, калі выведка бачыць перасоўваньне нейкай дальнабойнай зброі ці, скажам, будаўніцтва пантону паблізу нашай мяжы, каб можна было атрымаць адказ. Перакананы, што гэта важна для захаваньня і ўмацаваньня добрасуседзкіх дачыненьняў. Такая сувязь існуе. І мы атрымліваем такую інфармацыю», — паведаміў Аляксей Рэзьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры абароны Беларусі і Ўкраіны правялі тэлефонную размову15 лютага на аснове адкрытых зьвестак журналісты і вайскоўцы заўважылі ўзьвядзеньне пантоннага мосту праз Прыпяць за 6,44 кілямэтры ад украінска-беларускай мяжы. Сёньня стала вядома, што 17 лютага гэты мост разабралі.
Міністар абароны Ўкраіны таксама паведаміў, што 19 лютага вайсковы аташэ Ўкраіны наведае фінальныя захады расейска-беларускіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022».
«Яшчэ раз хачу падкрэсьліць. Беларусь — гэта асаблівая краіна для нас. Беларускі народ вельмі блізкі нам. Ніякай агрэсіі з боку Ўкраіны ня можа быць у прынцыпе. За гэта нас праклянуць нашчадкі, таму я выступаю за дыялёг і ўзмацненьне даверу паміж абароннымі ведамствамі», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін заявіў, што не атрымліваў ад Лукашэнкі загаду нападаць на ЎкраінуРасея рыхтуе абгрунтаваньне для прызнаньня так званых «ЛДНР»
Міністар абароны Ўкраіны перакананы, што абвастрэньне на ўсходзе краіны, якое пачалося 17 лютага фактычна па ўсёй ліні судакрананьня, зьяўляецца правакацыяй расейскага боку.
«Перакананы, што адной з прычын гэтай правакацыі было правядзеньне пасяджэньня Рады бясьпекі ААН, якое было прысьвечанае менавіта менскім дамоўленасьцям. Гэта традыцыйная тактыка расейскага боку — заўсёды перад пасяджэньнямі трохбаковай кантактнай групы, перад сустрэчамі ў нармандзкім фармаце, перад любымі важнымі міжнароднымі падзеямі, якія датычаць украінска-расейскай вайны ладзіць нейкі інцыдэнт, каб сфармаваць фон, які расейскі бок лічыць выгадным для сябе», — адзначыў Аляксей Рэзьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША прапанаваў Расеі правесьці новую сэрыю перамоваўПаводле яго, асноўным аб’ектам абстрэлаў стала мірнае насельніцтва. «Гэта ваеннае злачынства і адкрытая правакацыя, пра якую мы неаднаразова папярэджвалі, як пра магчымы сцэнар эскаляцыі».
«У гэтыя дні мы сутыкаемся з правакацыямі — абстрэлы, кібэратакі, небясьпечныя манэўры авіяцыі, вывядзеньне з ладу мабільнай сувязі. Наша задача — не рабіць таго, да чаго нас падштурхоўвае Расейская Фэдэрацыя, даваць адпор, але трымаць галаву халоднай. Правакацыі ня спыняцца, бо Крэмль усё роўна рыхтуе абгрунтаваньне для прызнаньня асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласьцей паводле сцэнара, адпрацаванага ў Грузіі, незалежна ад таго, ці будзе ён рэалізаваны, проста, каб мець гэты варыянт на стале», — мяркуе ўкраінскі міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: «Усе прыкметы ўказваюць на гатоўнасьць Расеі напасьці на Ўкраіну»Аляксей Рэзьнікаў таксама зьвярнуўся да жыхароў акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей ня верыць ілжывым заявам пра нібыта падрыхтоўку наступу з боку Ўкраіны.
«Украіна ўзмацняе сваю абарону. Але ў нас няма намераў ажыцьцяўляць нейкія сілавыя дзеяньні супраць асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей або Крыму. Мы будзем рухацца палітычна-дыпляматычным шляхам, бо там нашы грамадзяне. І мы ня можам падвяргаць іх небясьпецы.«Не Ўкраіна ваш вораг. А тыя, хто хаваецца за вашымі сьпінамі, тыя, хто нібыта хоча вас абараніць ад Украіны. Ня верце чуткам пра ўкраінскі наступ», — заявіў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў з парлямэнцкай трыбуны.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
- У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.