ЗША прапануюць Расеі правесьці новую сэрыю вочных перамоваў, у тым ліку ў фармаце NATO і АБСЭ. Аб гэтым заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, якога цытуе «Голас Амэрыкі».
Амэрыканскі бок учора заявіў аб тым, што ня бачыць прыкмет вайсковай дээскаляцыі з боку Расеі. Энтані Блінкен адзначыў, што колькасьць расейскіх войскаў ля мяжы з Украінай павялічылася на 7 тысяч чалавек, зьвярнуў увагу на рост колькасьці правакацыйных паведамленьняў у расейскіх СМІ, якія могуць сьведчыць,што рыхтуецца нагода для ўварваныя.
«Раней сёньня я накіраваў міністру замежных спраў Расеі Сяргею Лаўрову ліст з прапановай сустрэцца на наступным тыдні ў Эўропе пасьля нашых перамоваў, якія адбыліся ў апошнія тыдні, каб абмеркаваць крокі, якія мы можам зрабіць для бесканфліктнага ўрэгуляваньня гэтага крызісу. Мы таксама прапануем сустрэчы Рады Расея-NATO і Пастаяннай рады АБСЭ», — сказаў Блінкен.
Паводле яго, ЗША і саюзьнікі даюць Расеі ўсе магчымасьці для дэманстрацыі прыхільнасьці дыпляматычнаму шляху.
«Сёньня расейскі ўрад можа абвясьціць, безь якіх-небудзь агаворак, што Расея ня будзе ўрывацца ва Ўкраіну. Выразна сфармулюйце. Заявіце пра гэта сьвету прама. А затым прадэманструйце гэта, адправіўшы свае войскі, свае танкі, свае самалёты назад у казармы і ангары і адправіўшы сваіх дыпляматаў за стол перамоваў», — дадаў Блінкен.
«Стаўкі выходзяць далёка за межы Ўкраіны. Гэта момант пагрозы жыцьцю і бясьпецы мільёнаў людзей, а таксама асновам Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які базуецца на выкананьні прававых нормаў міжнароднага парадку, які захоўвае стабільнасьць ва ўсім сьвеце. Гэты крызіс непасрэдна закранае кожнага чальца гэтай рады і кожную краіну сьвету. Таму што асноўныя прынцыпы, якія падтрымліваюць мір і бясьпеку, прынцыпы, якія былі замацаваны пасьля дзьвюх сусьветных войнаў і „халоднай“ вайны, знаходзяцца пад пагрозай.
Прынцып, у адпаведнасьці зь якім адна краіна ня можа сілай зьмяніць межы іншай. Прынцып, у адпаведнасьці зь якім адна краіна ня можа дыктаваць іншай (краіне) выбар ці палітыку, ці тое, з кім яна ўступае ў саюз. Прынцып дзяржаўнага сувэрэнітэту».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.