Рэфэрэндум узмоцненага рэжыму: ужо завялі 200 крымінальных спраў за пагрозы і абразы чыноўнікаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску

Рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю пройдзе ва ўмовах узмоцненага рэжыму з боку міліцыі і выратавальнікаў. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі 18 лютага заявілі прадстаўнікі МУС і МНС.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзянскага парадку МУС Аляксандар Купчэня заявіў, што са студзеня па 17 лютага ў краіне распачалі 200 крымінальных спраў аб пагрозах ці абразе «службовых асобаў ці асоб, якія выконваюць грамадзкі абавязак». Ад сяброў камісій у міліцыю паступіла 100 скаргаў. Гэта скаргі на паведамленьні ў мэсэнджары, лісты, улёткі ў паштовую скрынку ці тэлефанаваньні.

Распачата 9 крымінальных спраў за «шкоду маёмасьці», «перашкоды ў праве браць удзел у рэфэрэндуме». Міліцыянт патлумачыў, што «шкода маёмасьці» — гэта нанясеньне надпісаў на сьценах ці разьмяшчэньне ўлётак пра рэфэрэндум «экстрэмісцкага характару».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта яшчэ бяздарней, чым нават у СССР» — што адбываецца ў Беларусі за 10 дзён да рэфэрэндуму

З 21 па 29 лютага міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Апроч міліцыі, участковым камісіям будуць дапамагаць «добраахвотныя дружыны» і «дадатковыя мабільныя дружыны ў поўным рыштунку».

Прадстаўнік МНС Сяргей Новік на прэсавай канфэрэнцыі зазначыў, што ратавальнікі таксама будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Цяпер практычна на кожным участку будзе ратавальнік.

«Задзейнічаны будуць каля 5 тысяч супрацоўнікаў МНС», — дадаў Новік. Яны будуць адказваць за «пажарную бясьпеку». Дзяжурыць на ўчастках будуць і работнікі сыстэмы аховы здароўя, але не на ўсіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за распаўсюд улётак аб рэфэрэндуме? Тлумачыць юрыст

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Будуць „два крыжыкі“ або байкот — пытаньне неістотнае». Экспэрты лічаць, што рэфэрэндум ужо цяпер можна лічыць фікцыяй

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз ня будзе накіроўваць назіральнікаў на рэфэрэндум у Беларусі. АБСЭ таксама не запрашалі