Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць „два крыжыкі“ або байкот — пытаньне неістотнае». Экспэрты лічаць, што рэфэрэндум ужо цяпер можна лічыць фікцыяй


Агітацыя за пратэставае галасавнаьне на рэфэрэндуме 27 лютага
Агітацыя за пратэставае галасавнаьне на рэфэрэндуме 27 лютага

Рэфэрэндум аб Канстытуцыі пройдзе ў Беларусі 27 лютага. Але нават па фармальных прыкметах цяперашні плебісцыт ня больш чым фікцыя, гавораць экспэрты.

Па словах юрыста Паўла Сапелкі, ужо можна ўявіць, як будзе праходзіць рэфэрэндум, яго словы прыводзіць Deutsche Welle.

На думку Сапелкі, прынцып свабоднага волевыяўленьня відавочна парушаны. Грамадзкія аб’яднаньні, якія працавалі ў палітычным полі, зьліквідавалі, ад апазыцыйных партый ва ўчастковыя камісіі ня трапіла ніводнага чалавека, а сам працэс галасаваньня ня будзе таемным — з выбарчых кабінак здымуць фіранкі, а на ўчастках будуць дзяжурыць міліцыя і дружыньнікі.

Выбарчыя камісіі цалкам кантралююцца ўладамі, і, такім чынам, даверу да падліку галасоў і ў цэлым да працэсу правядзеньня галасаваньня ўжо няма.

«А па агітацыі мы бачым дакладную пазыцыю, якім улада хоча бачыць вынік рэфэрэндуму», — рэзюмуе Сапелка.

«Сарваць рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі не атрымаецца, а яго вынікі мы ўжо ведаем, таму зараз важная толькі ацэнка, намінацыя гэтай падзеі як несапраўднай», — кажа дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Важна, каб гэтае разуменьне было ва ўсіх грамадзян Беларусі, а ці будуць гэта «два крыжыкі», якія робяць бюлетэнь несапраўдным, або байкот — гэта пытаньне неістотнае, адзначыў палітоляг, указваючы на стратэгіі, прапанаваныя апэратыўным штабам дэмакратычных сіл, што знаходзяцца ў выгнаньні. Само правядзеньне выбараў і рэфэрэндумаў ва ўмовах рэпрэсій Ягораў назваў «злачынствам».

«Беларуская Канстытуцыя была ўжо двойчы згвалтаваная і будзе згвалтаваная трэці раз», — лічыць Ягораў.

Рэфэрэндум пакутуе ад наяўнасьці і іншых прыкмет нелегітымнасьці, кажа экспэрт у выбарчым праве Леў Марголін, які раней выконваў функцыю нацыянальнага каардынатара кампаніі назіраньня «Права выбару», што сумесна праводзілі дзейныя апазыцыйныя палітычныя партыі. Улады не запрасілі міжнародных назіральнікаў, тлумачыць Марголін, хаця Беларусь зьяўляецца сябрам АБСЭ, а запрашэньне на выбары экспэртаў ад гэтай арганізацыі зьяўляецца яе статутным патрабаваньнем.

Нават у 2020 годзе, працягвае ён, напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі беларускі ЦВК пайшоў на хітрасьць, але ўсё ж даслаў запрашэньне — яно прыйшло са спазьненьнем: так, каб у АБСЭ не пасьпелі правесьці неабходныя працэдурныя мерапрыемствы і назіральнікі «проста не пасьпелі». Цяпер жа першапачаткова стаўка зроблена толькі на місіі назіраньня ад СНД і ад расейскага ЦВК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG