Вялікая Брытанія і ЗША заўважылі перакідваньне новых войскаў Расеі да межаў Украіны
Новы лягер расейскіх артылерыйскіх войскаў каля мястэчка Апук у Крыме
Да Ўкраіны з Расеі рухаецца дадатковая бранятэхніка, верталёты і палявы шпіталь, паведамляе брытанская выведка. ЗША заяўляюць аб перакідваньні да мяжы яшчэ 7000 расейскіх салдат.
Нягледзячы на заявы Масквы аб адводзе войскаў ад украінскіх межаў, Расея працягвае нарошчваць вайсковыя сілы ў рэгіёне. Пра гэта ў ноч на чацьвер, 17 лютага, паведамілі кіраўнік вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі Джым Гокенгал і неназваны высокапастаўлены чыноўнік у Белым доме.
«Мы ня ўбачылі доказаў таго, што Расея адвяла свае войскі ад межаў Украіны», — адзначыў Гокенгал. Наадварот, паводле дадзеных брытанскай выведкі, у бок Украіны рухаецца дадатковая бранятэхніка, верталёты, таксама быў заўважаны палявы шпіталь. «У Расеі ёсьць вайсковыя магутнасьці для таго, каб ажыцьцявіць ўварваньне ва Ўкраіну», — мяркуе Гокенгал.
Крэмль перакінуў да мяжы з Украінай яшчэ да 7000 вайскоўцаў
Паводле зьвестак амэрыканскай крыніцы, Крэмль перакінуў да ўкраінскай мяжы яшчэ да 7000 салдат. Заявы расейскіх уладаў аб адводзе часткі войскаў прадстаўнік Белага дому назваў «ілжывымі». Ён таксама запэўніў, што Расея можа «ў любы момант» пачаць апэрацыю, якая паслужыць падставай для ўварваньня ва Ўкраіну.
«Расея сьцьвярджае, што хоча знайсьці дыпляматычнае рашэньне, але яе дзеяньні сьведчаць аб адваротным», — падкрэсьлілі ў Белым доме.
Пра тое, што Расея спрабуе стварыць падставу для ўварваньня ва Ўкраіну з дапамогай неабгрунтаваных сьцьвярджэньняў аб «генацыдзе» і «масавых пахаваньнях» у Данбасе, заявіў і афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.
«За апошнія некалькі тыдняў мы бачылі, як расейскія афіцыйныя асобы і СМІ ўкідвалі шматлікія гісторыі, любая зь якіх магла б паслужыць падставай для ўварваньня», — заўважыў Прайс, падкрэсьліўшы, што ніводнае з гэтых сьцьвярджэньняў ня мае пад сабой праўдзівых падстаў.
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, Кіеў таксама ня бачыць зьменаў у колькасьці войскаў Расеі каля ўкраінскіх межаў. «Мы бачым невялікія ратацыі. Я б гэтыя ратацыі сёньня не называў адводам войскаў з боку РФ», — заявіў кіраўнік Украіны ў тэлеэфіры.
15 лютага Міністэрства абароны Расеі пасьля шматтыднёвага пэрыяду напружанасьці аб’явіла аб пачатку адводу войскаў ад украінскай мяжы. Аднак заходнія краіны і NATO заяўляюць, што пакуль ня ўбачылі ніякіх прыкметаў спыненьня вайсковай актыўнасьці Расеі на мяжы з Украінай.