Кандыдатам у прэзыдэнты Туркмэністану вылучылі сына цяперашняга прэзыдэнта

Сэрдар Бэрдымухамэдаў

Кандыдатуру сына прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдава Сэрдара вылучылі на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Рашэньне аб вылучэньні прынята на нечарговым зьезьдзе Дэмакратычнай партыі Туркмэністану, паведамляе Salamnews_rus.

«Удзельнікі зьезду выслухалі і падтрымалі прамову Сэрдара Бэрдымухамэдава, які балятуецца на пасаду прэзыдэнта Туркмэністану», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Туркмэністане датэрміновыя выбары прэзыдэнта пройдуць 12 сакавіка. Цэнтральная выбарчая камісія абвясьціла пра гэта пасьля таго, як Гурбангулы Бэрдымухамэдаў на пазачарговай сэсіі Халк Маслахаты (Народнай Рады) 11 лютага абвясьціў пра намер даць «дарогу да дзяржаўнага кіраваньня» «маладым кіраўнікам». Тады ён намякнуў, што ў яго зашмат адказных пасад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба даваць дарогу маладым». Прэзыдэнт Туркмэністану даручыў рыхтаваць нечарговыя прэзыдэнцкія выбары

Сэрдару Бэрдымухамэдаву ў верасьні летась споўнілася 40 гадоў. Год таму, 11 лютага 2021-га, адбыўся імклівы ўзьлёт палітычнай кар’еры Сэрдара — бацька прызначыў яго віцэ-прэмʼерам і на некалькі іншых ключавых пазыцый ва ўрадзе.

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў прыйшоў на зьмену Сапармурату Ніязаву, пры якім Туркмэністан апынуўся ў самым нізе сьпісу Індэксу дэмакратыі, які складае брытанская дасьледчая кампанія Economist Group. Краіна засталася на тым самым месцы і пры новым прэзыдэнце: дасьледнікі лічаць, што дэмакратыя ў Туркмэністане прыблізна на ўзроўні Паўночнай Карэі. У краіне няма ніякіх незалежных мэдыя, няма непадкантрольных уладам палітычных партый, інтэрнэт кантралюецца, вялізную ўладу маюць спэцслужбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Туркмэністане забароняць выяжджаць за мяжу бацькам непаўналетніх дзяцей і грамадзянам, чые сваякі засуджаныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Туркмэністане танныя прадукты ня змогуць купляць родныя зьняволеных і мігрантаў