«У адпаведнасьці з даручэньнямі прэзыдэнта Туркмэністану Цэнтравыбаркам краіны пачаў рыхтаваць нечарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія адбудуцца 12 сакавіка», — сказаў «РИА Новости» памочнік кіраўніка туркмэнскага ЦВК.
Напярэдадні Бердымухамедаў заявіў аб прыняцьці «няпростага рашэньня аб сабе» і сказаў, што на новым этапе разьвіцьця краіны дарогу ўва ўладныя структуры трэба даць маладым кіраўнікам. Ён адзначыў, што быў абраны прэзыдэнтам роўна 15 гадоў таму, намякнуўшы, што стаміўся.
Пасьля аб’яўленьня аб правядзеньні нечарговай сэсіі ў пачатку студзеня, калі ў суседнім Казахстане ішлі народныя хваляваньні, многія чакалі, што 64-гадовы Бердымухамедаў мерыцца з дапамогаю верхняе палаты парлямэнту, якім ён сам і кіруе, адкрыць шлях да перадачы ўлады свайму сыну Сердару Бердымухамедаву.
Сердар Бердымухамедаў, якому ў верасьні летась споўнілася 40 гадоў, паводле канстытуцыі зараз можа прэтэндаваць на найвышэйшую дзяржаўную пасаду. Дарэчы, роўна год таму, 11 лютага 2021 году, адбыўся імклівы ўзьлёт палітычнай карʼеры Сердара, якога бацька прызначыў віцэ-прэмʼерам і на шэраг іншых ключавых пазыцыяў ва ўрадзе.
На пасадзе прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў знаходзіцца ўжо трэці тэрмін. Ён прыйшоў да ўлады ў 2007 годзе пасьля сьмерці прэзыдэнта Сапармурата Ніязава. У Туркмэністане ні разу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе ў выніку распаду СССР не было свабодных і сумленных выбараў.