Абмежаваньні на міжнародныя паездкі ў краіне ўвялі паўтара года таму праз эпідэмію каранавірусу. Аднак, паводле крыніцы выданьня, нават пасьля яе заканчэньня і аднаўленьня міжнародных паездак у бліжэйшыя два гады туркмэнскія ўлады плянуюць увесьці дадатковыя абмежаваньні для паездак за межы краіны.
«Таксама могуць абмежаваць выезд грамадзян, бацькі якіх працуюць у бюджэтных установах. Сваякам супрацоўнікаў вайсковых і праваахоўных органаў таксама забароняць выезд з краіны. Новыя абмежаваньні рэзка зьменшаць колькасьць грамадзянаў, якія змогуць выехаць у іншыя краіны», — расказаў супрацоўнік міграцыйнай службы.
Распараджэньне пра новыя абмежаваньні, якое атрымала дзяржаўная міграцыйная служба, складаецца з 35 пунктаў.
Крыніца выданьня таксама паведаміла пра пляны ўладаў перагледзець парадак уезду ў Туркмэністан.
Туркмэнскія ўлады працягваюць настойваць на тым, што каранавірусу ў краіне няма. Пры гэтым улады ўводзілі розныя абмежавальныя меры на перамяшчэньне як зь іншымі краінамі, гэтак і ўнутры краіны. У пачатку 2020 году Туркмэністан закрыў для пасажыраў спачатку сухаземныя межы з трыма краінамі, затым — адзіны марскі порт у Туркмэнбашы.