Прэс-сакратар Крамля: Адмова Ўкраіны ад NATO дапаможа «значнаму адказу на расейскія заклапочанасьці»
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў
Дзьмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што «пацьверджаная» адмова Ўкраіны ад уступленьня ў NATO дапамагла б сфармуляваньню «больш значнага адказу на расейскія заклапочанасьці».
«Безумоўна, нейкім чынам зафіксаваная, пацьверджаная адмова Ўкраіны ад ідэі ўступленьня ў NATO… Безумоўна, гэта быў бы крок, які істотна паспрыяў бы фармуляваньню больш значнага адказу на расейскія заклапочанасьці», — цытуе Пяскова ТАСС, перадаючы яго гутарку з журналістамі.
Пяскоў такім чынам пракамэнтаваў заяву амбасадара Ўкраіны ў Вялікай Брытаніі Вадзіма Прыстайкі, які сказаў, што Ўкраіна «можа» адмовіцца ад сяброўства ў NATO, калі гэтага запатрабуюць абставіны. Пры гэтым Пяскоў адзначыў, што з Кіева амбасадара папрасілі ўдакладніць сваё меркаваньне, таму «наўрад ці гэта можна ўспрымаць як зьдзейсьнены факт».
У інтэрвію BBC Radio 5 Live амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі Вадзім Прыстайка выказаў дапушчэньне, што Ўкраіна можа адмовіцца ад уступленьня ў NATO, калі да гэтага прымусяць абставіны. Паводле яго слоў, «улічваючы пагрозу, якая існуе», Украіна можа быць вымушана пайсьці на такі крок.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны Свабодзе заявілі, што словы амбасадара «вырваныя з кантэксту».
«Безумоўна, дзеля міру і выратаваньня жыцьцяў нашых грамадзян Украіна гатовая ісьці на любы фармат дыялёгу з краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Разам з тым амбасадар Прыстайка слушна адзначыў у інтэрвію, што пэрспэктыва сяброўства ў NATO прапісаная ў Канстытуцыі Ўкраіны, але Ўкраіна ў цяперашні час не зьяўляецца чальцом NATO або якога-небудзь іншага саюзу бясьпекі. Таму пытаньне гарантый бясьпекі становіцца ключавым для нашай краіны», — заявіў Свабодзе прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка.