Расея са спазьненьнем адказала на запыт Украіны, абвінаваціўшы яе ў падрыхтоўцы вайны

Часовы лягер расейскіх войскаў у Ельні Смаленскай вобласьці, люты 2022 году

11 лютага ў рамках Венскага дакумэнту Ўкраіна накіравала запыт да Расеі з патрабаваньнем патлумачыць вайсковую актыўнасьць каля ўкраінскіх межаў.

Адказ Расеі прыйшоў на дзень пазьней, таму Ўкраіна 13 лютага ў адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам заклікала на працягу наступных 48 гадзін правесьці нараду кран – сяброў АБСЭ.

У расейскім адказе, у прыватнасьці, гаворыцца, што Расейская Фэдэрацыя «не вядзе ніякай незвычайнай вайсковай дзейнасьці на сваёй тэрыторыі. У сувязі з гэтым прымяненьне палажэньняў разьдзелу ІІІ Венскага дакумэнту 2011 году непрымальнае».

Таксама ў адказе Расеі сьцьвярджаецца:

«У той жа час адзначаем, што ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, падкантрольных Кіеву, засяроджана аб’яднаная групоўка Ўзброеных сілаў Украіны колькасьцю больш за 120 тысяч вайскоўцаў, накіраваная на вядзеньне баявых дзеяньняў. У гэтай сувязі разглядаем запыт Украіны як спробу адцягнуць увагу ад падрыхтоўкі сілавога вырашэньня ўнутрыўкраінскага канфлікту, адказнасьць за які будуць несьці ўлады Ўкраіны».

Напярэдадні міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба пісаў:

9 лютага такія ж запыты, але ў адрас Беларусі, накіравалі Літва, Латвія і Эстонія. Яны адзначылі, што ў пазачарговыя маштабныя вайсковыя вучэньні ўцягнутыя практычна цалкам узброеныя сілы Беларусі, пры гэтым дзяржавам – сябрам АБСЭ далі вельмі абмежаваную інфармацыю. Так, няма інфармацыі ні пра дакладную колькасьць войскаў, ні пра ўзбраеньне, якое будзе выкарыстоўвацца, ні пра плянаваную дату вяртаньня расейскіх войскаў. Такім чынам, не забясьпечана неабходная празрыстасьць вучэньняў, як таго патрабуе Венскі дакумэнт АБСЭ, адзначалася ў запыце.

11 лютага стаў вядомы адказ уладаў Беларусі. У ім гаворылася, што агульная колькасьць войскаў і ўзбраеньняў, якія ўдзельнічаюць у цяперашніх вучэньнях, не перавышае парогаў паведамленьня, вызначаных Венскім дакумэнтам АБСЭ. Парадак вываду расейскіх войскаў зь Беларусі «знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.