CIT паведамляе пра перакідваньне расейскай вайсковай тэхнікі бліжэй да мяжы з Украінай

Расейскія танкі на вучэньнях у Краснадарскім краі

Расея працягвае перакідваць вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Украінай. Гэта сьцьвярджае дасьледчая група Conflict Intelligence Team, якая вывучыла відэа, апублікаваныя ў сацыяльных сетках у апошнія дні.

У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што да мяжы з палігону пад Варонежам рушылі часткі 1-й гвардзейскай танкавай арміі. Як паведамлялася раней, у сьнежні тэхніка гэтай арміі прыбыла на палігон Пагонава на поўдзень ад Варонежа. На некалькіх відэа, апублікаваных у сацсетках у апошнія дні, вайсковая тэхніка гэтай арміі заўважана на станцыях у Белгарадзкай вобласьці. CIT адзначае, што гаворка ідзе ня толькі пра тэхніку, якая раней знаходзілася пад Варонежам, але і пра дадатковую тэхніку, якая прыбыла з-пад Масквы.

На іншых відэа экспэрты CIT таксама заўважылі перадысьлякацыю вайскоўцаў са Смаленскай на поўдзень Бранскай вобласьці – таксама да мяжы з Украінай.

На іншых відэа экспэрты CIT таксама заўважылі перадысьлякацыю вайскоўцаў са Смаленскай на поўдзень Бранскай вобласьці — таксама да мяжы з Украінай.

Перакідваньне тэхнікі па расейскай тэрыторыі адбываецца на фоне маштабных ваенных вучэньняў у Беларусі – з удзелам расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі – а таксама распачатых ваенна-марскіх вучэньняў у Чорным моры з удзелам некалькіх вялікіх дэсантных караблёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Расейскія вучэньні ў Беларусі могуць стаць няспыннымі», — польскі аналітык

Прадстаўнікі ўладаў ЗША, са спасылкай на дадзеныя выведкі, у апошнія дні заяўляюць аб тым, што Расея практычна завяршыла засяроджваньне сваіх ударных частак каля межаў з Украінай, і шырокамаштабнае ўварваньне ў гэтую краіну можа пачацца «ў любы момант». Паводле заходніх ацэнак, агульная колькасьць расейскіх войскаў каля ўкраінскіх межаў перавышае 120 тысяч. Выданьне Spiegel і шэраг брытанскіх СМІ сьцьвярджалі, са спасылкай на дадзеныя выведкі, што ўварваньне можа пачацца ўжо 16 лютага. Афіцыйны Вашынгтон дакладных дат не называў. У Белым доме і Дзярждэпартамэнце заяўляюць, што па-ранейшаму вераць у магчымасьць пераканаць Расею абраць шлях дыпляматыі. У той жа час, ЗША настойліва раяць сваім грамадзянам пакінуць Украіну.

У Расеі адпрэчваюць пляны ўварваньня, сьцьвярджаюць, што расейскія войскі маюць права перамяшчацца па сваёй тэрыторыі, і абвінавачваюць саму Украіну ў падрыхтоўцы правакацыі ці наступу на Данбасе.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.