Былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, генэрал ФСБ у адстаўцы падтрымаў заяву генэрала Івашова
Масква, Крэмль
Былы намесьнік міністра МБ РФ і ФСК РФ, начальнік управы ФСК па Маскве і Маскоўскай вобласьці (1991–1994), намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына (1996–1998) генэрал-маёр у адстаўцы Яўген Савасьцьянаў падтрымаў заяву генэрала Леаніда Івашова.
На думку Савасьцьянава, зварот генэрал-палкоўніка Леаніда Івашова супраць пачатку вайны з Украінай і з заклікам да Пуціна сысьці ў адстаўку супадае з патрабаваньнямі дэмакратычнай грамадзкасьці «Мір — Расеі! Мір — Украіне! Мір — усім!».
«Зварот Івашова даказвае: патрыётамі Расеі зьяўляюцца ня тыя, хто, пырскаючы сьлінай, б’е ў барабан вайны і нагнятае ваенную пагрозу канцэнтрацыяй войскаў і пагрозьлівай рыторыкай, а тыя, хто клапоціцца аб мірным і шчасьлівым разьвіцьці гарадоў, пасёлкаў і вёсак нашай краіны, — напісаў былы супрацоўнік расейскай спэцслужбы ў Facebook. — Мір і росквіт народу Расеі, а не задавальненьне імпэрскай пыхі яе правадыроў — вось сапраўды патрыятычнае патрабаваньне, якое аб’ядноўвае сумленных і адказных людзей, хай сабе і розных поглядаў!» — напісаў Савасьцьянаў у Фэйсбуку.
Пра заяву кіраўніка «Агульнарасейскага афіцэрскага сходу», былога начальніка Галоўнага ўпраўленьня міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Расеі генэрал-палкоўніка ў адстаўцы Леаніда Івашова стала вядома на днях. У сваёй заяве Івашоў ад імя расейскіх афіцэраў заклікаў кіраўніцтва Расеі не пачынаць вайну з Украінай і зьвярнуць увагу на ўнутрырасейскія праблемы, а прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна заклікаў пайсьці ў адстаўку.