Чаму Лукашэнка так часта гаворыць пра вайну як нешта непазьбежнае

Расейская вайсковая тэхніка, якая прыбыла ў Беларусь

Апошнім часам Лукашэнка амаль кожны дзень гаворыць пра вайну. Прычым зь любой нагоды. Нават калі выступае перад навукоўцамі. Адбываецца рутынізацыя самой ідэі вайны, яе магчымасьці.

Сьцісла:

  • Пастаянная ўнутраная вайна, сьвядомае нагнятаньне напружанасьці — неабходная ўмова выжываньня рэжыму.
  • Аднак высьвятляецца, што для бесьперапыннага падвышэньня градусу напружаньня мала барацьбы толькі з унутранымі ворагамі. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе вонкавых ворагаў.
  • Таму цалкам заканамерна, што Беларусь ператварылася ў фактар дэстабілізацыі ня толькі рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, але і больш шырокага абшару, у чыньнік пагрозы рэгіянальнай бясьпекі.
  • Жах у тым, што Лукашэнка прывучае беларусаў да вайны як да нечага непазьбежнага. Прычым да ўдзелу ў абсалютна чужой вайне, ніяк не зьвязанай з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.

Гэта вельмі паказальна на тле таго, што Лукашэнка доўгі час выступаў у ролі гаранта стабільнасьці. Апошнія гады, асабліва пасьля Крыму, галоўным мэсыдж грамадзтву быў прыкладна такі: няхай жывём і небагата, затое ў нас мір, парадак, пакой, бясьпека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пазьняк: Лукашэнка апраўдваецца, бо апэрацыя па захопе Беларусі раскрытая

2020 год радыкальна паламаў усю ранейшую парадыгму ягонага палітычнага пазыцыянаваньня. Памяняўся ня тое каб характар кіроўнага рэжыму, а хутчэй умовы ягонага панаваньня. Цяпер для яго існаваньня патрэбна пэрманэнтнае становішча надзвычайшчыны.

Таму, хоць, здавалася б, пратэсты задушаныя, усе ворагі пераможаныя, а рэпрэсіі не спыняюцца. Кожны дзень прыходзіць інфармацыя пра новыя арышты, затрыманьні, суды, заканадаўчыя навацыі супраць апанэнтаў.

Такім чынам, пастаянная ўнутраная вайна, сьвядомае нагнятаньне напружанасьці — неабходная ўмова выжываньня рэжыму. Таму ня думаю, што праз пэўны час, напрыклад пасьля рэфэрэндуму, рэпрэсіі спыняцца.

Аднак высьвятляецца, што для бесьперапыннага падвышэньня градусу напружаньня мала барацьбы толькі з унутранымі ворагамі. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе вонкавых ворагаў.

Таму цалкам заканамерна, што Беларусь ператварылася ў фактар дэстабілізацыі ня толькі рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, але і больш шырокага абшару, у чыньнік пагрозы рэгіянальнай бясьпекі.

Адзін за другім правакуюцца міжнародныя крызісы, у цэнтры якіх апынаецца Беларусь. Спачатку была скандальная гісторыя з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у менскім аэрапорце. Потым быў шматмесячны міграцыйны крызіс. Як высьвятляецца, менавіта Лукашэнка быў ініцыятарам уводу войскаў АДКБ у Казахстан. І вось цяпер Беларусь апынулася ў цэнтры ваенна-палітычнага крызісу вакол Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь упершыню ў гісторыі можа стаць краінай-агрэсарам

З выступаў Лукашэнкі апошняга часу вынікае, што цяпер галоўная пагроза Беларусі існуе не ад «страшнага монстра» NATO, а ад Украіны. Цяпер, як высьвятляецца, яна галоўны вораг Беларусі. Нагнятаньне варожасьці супраць паўднёвай суседкі набывае маштаб падрыхтоўкі да рэальнай вайны. Прычым кідаецца ў вочы як абсалютна штучны характар нібыта ўкраінскай пагрозы, так і яўны расейскі палітычны кільватэр, у межах якога дзейнічае Лукашэнка.

Галоўная выснова палягае ў тым, што зьніжэньне градусу напружанасьці — гэта пагроза для рэжыму. Таму ён і кідаецца ва ўсё новыя замежныя авантуры.

Разам з тым можна канстатаваць, што ва ўмовах пагрозы рэальнай вайны свабода рук, калідор магчымасьцяў, поле для манэўру Лукашэнкі рэзка звузіліся. Павялічылася ягоная залежнасьць ад непрадказальнай палітыкі Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Conflict Intelligence Team: Расейскіх дэсантнікаў пачалі перакідваць да Ўкраіны і ў Беларусь

Мяркую, зрабіць з Украіны ворага — задача маларэальная нават у вачах прыхільнікаў Лукашэнкі. Але жах у тым, што Лукашэнка прывучае беларусаў да вайны як да нечага непазьбежнага. Прычым да ўдзелу ў абсалютна чужой вайне, ніяк не зьвязанай з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. І гэта не выклікае ніякай рэакцыі ў грамадзтве.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.