У БХД адрэагавалі на новае заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці за працу ў незарэгістраваных арганізацыях
Сьцяг БХД у Менску
«Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» заявіла, што будзе працаваць у Беларусі ў межах падрыхтоўкі да рэгістрацыі партыі толькі ў рамках дзейнага заканадаўства.
19 студзеня прайшоў сход заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
Хрысьціянскія дэмакраты прынялі рашэньне працягваць сваю дзейнасьць у Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да рэгістрацыі партыі і правядзеньні для гэтага мерапрыемстваў у адпаведнасьці з Законам Беларусі «Аб палітычных партыях», а менавіта:
падрыхтоўка да правядзеньня ўстаноўчага зьезду партыі;
падрыхтоўка статуту партыі;
падрыхтоўка праграмы партыі;
падрыхтоўка сьпісу заснавальнікаў партыі і іншых неабходных дакумэнтаў для рэгістрацыі партыі ў вызначаным заканадаўствам парадку.
У заяве аргкамітэт адзначыў, што недапушчальна дзейнічаць ад імя БХД іншым структурам і асобным людзям.
«Беларусі патрэбна разьвіцьцё, а не шматгадовы крызіс. Для гэтага неабходна ўстойлівая грамадзянская супольнасьць і палітычныя партыі. Хрысьціянская дэмакратыя, сацыяльная рыначная эканоміка — гэта пасьпяховая мадэль палітычнага і эканамічнага ладу. Сёньня няма ўмовы для перамогі на дэмакратычных выбарах, але мы можам рыхтаваць праграму партыі, якая стане асновай рэформаў будучай Беларусі», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
У Беларусі пачало дзейнічаць новае заканадаўства, паводле якога за працу на карысьць незарэгістраванай арганізацыі могуць пасадзіць на два гады.
За апошнія паўгода беларускія ўлады ліквідавалі 275 грамадзкіх арганізацый у краіне.