Украіна вырашыла прысьпешыць фармаваньне сілаў тэрытарыяльнай абароны. Пачалі з памежных рэгіёнаў

Украінскі вайсковец. Ілюстрацыйнае фота, сьнежань 2021 году

Камандуючы сіламі тэрытарыяльнай абароны Ўзброеных сіл Украіны Юры Галушкін заявіў аб паскарэньні разгортваньня вайсковага кампанэнту тэрытарыяльнай абароны.

З 1 студзеня ва Ўкраіне набыў моц закон аб асновах нацыянальнага супраціву, які прадугледжвае фармаваньне сіл тэрытарыяльнай абароны. Паводле закону, гэтыя батальёны мусяць ахоўваць аб’екты крытычнай інфраструктуры, грамадзкі парадак і суправаджаць вайсковыя калёны, а ў выпадку агрэсіі далучыцца да рэгулярных войскаў для абароны краіны.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Ўкраіны, у складзе сіл тэрытарыяльнай абароны па колькасьці рэгіёнаў фармуюцца 25 брыгад, якія аб’яднаюць больш як 150 батальёнаў. У мірны час колькасьць гэтых сіл складзе 10 тысяч вайскоўцаў, а ў асаблівы — больш за 130 тысяч асобаў.

«Сілы тэрытарыяльнай абароны — асобны род войскаў у складзе Ўзброеных сіл. У кожным батальёне фармуецца касьцяк з вайскоўцаў, задача якіх — камандаваньне і навучаньне цывільных асобаў, якія падпішуць кантракт аб службе ў рэзэрве тэрытарыяльнай абароны і будуць абараняць тэрыторыю, на якой пражываюць», — паведаміў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў 18 студзеня на адмысловай нарадзе.

Паводле яго, за ўсімі рэзэрвістамі замацаваная зброя, якая будзе выдавацца на час вучэньняў або ў выпадку неабходнасьці абароны рэгіёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна: расейскія войскі застануцца каля межаў Украіны

Камандуючы сіламі тэрытарыяльнай абароны Ўзброеных сіл Украіны Юры Галушкін паведаміў, што ўжо па ўсёй Украіне вызначылі 86% месцаў дысьлякацыі падразьдзяленьняў тэрытарыяльнай абароны. У памежных абласьцях брыгады ўжо сфармавалі на 70% ад колькасьці, неабходнай ва ўмовах мірнага часу.

Расея з канца сьнежня 2021 году сканцэнтравала каля межаў Украіны вялікія вайсковыя сілы. Выведка ЗША, Украіны і іншых краіны абвясьцілі, што маюць інфармацыю, якая сьведчыць пра падрыхтоўку Расеяй правакацый, каб стварыць падставу для поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі паведаміла аб прыбыцьці расейскіх войскаў на вучэньні. ВІДЭА

Аляксандар Лукашэнка 17 студзеня заявіў пра задуму сумесных з Расеяй вучэньняў і расказаў пра «10 тысяч амэрыканцаў на межах». Асобна ён дадаў, што яго насьцярожвае станоўкавішча і на «паўднёвых рубяжах», дзе з боку Ўкраіны ідзе нарошчваньне вайсковага кантынгенту.
18 студзеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што расейская вайсковая тэхніка ўжо пачала прыбываць на тэрыторыю Беларусі.

  • Паводле зьвестак амэрыканскай выведкі на 7 студзеня, на мяжы Расеі з Украінай знаходзяцца больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.
  • Расейскія ўлады адмаўляюць магчымасьць уварваньня і заяўляюць, што перасоўваньне вайскоўцаў унутры краіны – гэта «сувэрэннае права» Расеі. Паведамленьні аб уварваньні Масква называе «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».