Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Пуціна: расейскія войскі застануцца каля межаў Украіны


Дзьмітрый Пяскоў, архіўнае фота
Дзьмітрый Пяскоў, архіўнае фота

Расейскія войскі, разьмешчаныя па пэрымэтры межаў з Украінай, ня будуць адведзеныя ад мяжы. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у інтэрвію, якое выйшла ў эфіры амэрыканскага тэлеканалу CNN.

Канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы выклікала на Захадзе трывогу, што хутка можа пачацца поўнамаштабнае расейскае ўварваньня ва Ўкраіну.

Як заявіў Пяскоў, войскі знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і застануцца на сваіх месцах у сувязі з «напружанай сытуацыяй», якая ўзьнікла на мяжы, і «несяброўскай атмасфэры», якая ствараецца дзеяньнямі NATO.

Пры гэтым Пяскоў заявіў, што на тэрыторыі Ўкраіны, у прыватнасьці на Данбасе, расейскіх войскаў няма (анэксаваны Крым паводле расейскіх законаў лічыцца тэрыторыяй Расеі). Ён таксама сказаў, што Расея не рыхтуе ваеннага ўварваньня — «было б вар’яцтвам рабіць гэта» — але гатова прыняць нейкія «контрамеры» ў выпадку пашырэньня NATO.

Паводле агенцтва Bloomberg, Пяскоў таксама заявіў: «Мы не зьбіраемся сьцьвярджаць, што ня станем разьмяшчаць наступальныя ўзбраеньні на тэрыторыі Ўкраіны». Пры гэтым, паводле галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венедыктава, у інтэрвію гэтай радыёстанцыі Пяскоў выказаўся інакш: «Мы ня можам выключыць, што нашыя партнэры (ЗША і NATO) могуць разьмясьціць наступальныя ўзбраеньні на тэрыторыі Украіны. Мы, са свайго боку, выключаем для сябе разьмяшчэньне наступальнага ўзбраеньня там».

Раней ЗША абвясьцілі, што маюць інфармацыю, якая паказвае на падрыхтоўку Расеяй правакацый, каб стварыць падставу для поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Украіна, у сваю чаргу, абвінаваціла Расею ў датычнасьці да маштабных кібэратакаў. Пяскоў адпрэчыў абодва абвінавачаньні, заявіўшы, што гэта дэзынфармацыя.

Прэс-сакратар Крамля таксама закрануў тэму магчымых санкцый ЗША супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паводле Пяскова, такія меры могуць прывесьці да поўнага разрыву адносін. Ён таксама заявіў, што Расея «самадастатковая» і не адчувае сябе ўразьлівай у сувязі з санкцыямі. Сярод прапанаваных крокаў у выпадку абвастрэньня сытуацыі на Украіне — напрыклад, забарона на пастаўкі ў Расею электронікі, у тым ліку смартфонаў і бытавой тэхнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG