18 студзеня начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Алег Воінаў правёў брыфінг для аташэ ў пытаньнях абароны, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь.
Як паведамляе Мінабароны, ён расказаў аб «праверцы сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы», якая пройдзе на тэрыторыі Беларусі ў лютым.
Воінаў заявіў, што манэўры праводзяцца на фоне абвастрэння ваенна-палітычнага становішча ў сьвеце, працягваецца рост напружанасьці ў Эўропе, у тым ліку каля заходняй і паўднёвай межаў Рэспублікі Беларусь.
Віонаў сказаў, што манэўры пройдуць у два этапы. На першым этапе, да 9 лютага, плянуюцца:
- перадыслякацыя і стварэньне ў кароткія тэрміны груповак войскаў (сіл) на пагражальных кірунках;
- арганізацыя і ажыцьцяўленьне аховы і абароны важных дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў;
- ахова дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, у тым ліку ў рамках Адзінай рэгіянальнай сыстэмы ППА Беларусі і Расеі;
- ацэнка гатоўнасьці і здольнасьці дзяжурных па СПА сіл і сродкаў, у тым ліку сумеснага вучэбна-баявога цэнтру СПА выканаць вучэбна-баявыя задачы з выкарыстаньнем кантрольных цэляў.
На другім этапе праверкі, з 10 па 20 лютага, будзе праведзена сумеснае вучэньне «Саюзная рашучасьць – 2022».
У ходзе манэўраў адпрацуюць:
- узмацненьне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы на магчымых кірунках незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Беларусі ўзброеных груп баевікоў,
- перакрыцьце каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншых сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для дэстабілізацыі становішча ў краіне з заняцьцем прызначаных рубяжоў і абсталяваньнем блёкпастоў;
- пошук, блякаванне і зьнішчэньне незаконных узброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведных груп суперніка;
- асобныя пытаньні постканфліктнага ўрэгуляваньня.
Да манэўраў прыцягнуць частку сіл і сродкаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама органы вайсковага кіраваньня, шэраг воінскіх частак і падраздзяленьняў Усходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі.
Практычныя дзеяньні войскаў (сіл) пройдуць на палігонах «Абуз-Лясноўскі», «Асіповіцкі», «Брэсцкі», «Гожскі» і «Даманаўскі», а таксама на асобных участках мясцовасьці. Плянуецца задзейнічаць аэрадромы Баранавічы, Лунінец, Ліда, Мачулішчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мінабароны Беларусі паведаміла аб прыбыцьці расейскіх войскаў на вучэньні. ВІДЭАПаводле зьвестак амэрыканскай выведкі на 7 студзеня, на мяжы Расеі з Украінай знаходзяцца больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.
Расейскія ўлады адмаўляюць магчымасьць уварваньня і заяўляюць, што перасоўваньне вайскоўцаў унутры краіны — гэта «сувэрэннае права» Расеі. Паведамленьні аб уварваньні Масква называе «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.