«Турфірма проста падманула нас». Як маленькая беларуская кампанія рабіла бізнэс на мігрантах

Свабода наведала лягер для ўцекачоў у нямецкім горадзе Зуль і пагутарыла зь мігрантамі, якія змаглі празь Беларусь трапіць у Эўразьвяз. Яны расказалі, чаму вырашылі скарыстацца «беларускім маршрутам», колькі ім гэта каштавала і хто ў гэтым дапамагаў.

Махмуд: «Турфірма проста падманула нас»

26-гадовы сырыец Махмуд апошнія гады жыў у Ярданіі. Працаваў там кухарам, гатаваў шаўрму. Ён і раней спрабаваў трапіць у Эўропу, але няўдала.

Летам 2021 году знаёмыя расказалі Махмуду, што зьявіўся шлях да Нямеччыны празь Беларусь. Ён знайшоў турыстычную агенцыю ў Ярданіі, аддаў яе супрацоўнікам пашпарт і фота, каб атрымаць запрашэньне. Затым набыў квіток на самалёт з Аману ў Дубай і далей у Менск.

У турфірме ў Ярданіі Махмуду абяцалі, што ў Беларусі іх сустрэнуць прадстаўнікі турфірмы і ўсё раскажуць. У аэрапорце групу пасажыраў сустрэла дзяўчына з турфірмы «Альшакір». Яна паведаміла, што супрацоўнічала з турагенцыяй і консулам, які выдаваў візы ўсёй групе. Пасьля чаго забрала пашпарты, дакумэнты аб рэзэрваваньня гатэля, COVID-сэртыфікаты.

Дакумэнты, якія перадалі нам мігранты ў лягеры для ўцекачоў у нямецкім горадзе Зуль. Яны сьведчаць пра пасярэдніцтва кампаніі «Альшакір» у прыбыцьці мігрантаў у Беларусь і іх знаходжаньні на тэрыторыі краіны

Махмуд кажа, што іхная група са 148 чалавек чакала беларускай візы 2 дні. Маўляў, консул, які працаваў проста ў аэрапорце, не пасьпяваў выдаваць візы ўсім ахвотным.

Атрымаўшы візу, Махмуд самастойна дабраўся да гатэля «Юбілейны», дзе быў зарэзэрваваны нумар. Але там яму сказалі, што ніякай рэзэрвацыі няма.

«Гэтая турфірма „Альшакір“ проста падманула нас. Таму мы былі вымушаныя зарэзэрваваць сабе жытло самастойна», — кажа Махмуд.

Пасажыры рэйсу Багдад — Менск у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» 16 чэрвеня 2021 года

Па яго словах, тры дні група мігрантаў правяла ў гатэлі «Юбілейны» ў Менску, а пасьля паехала на мяжу.

«Я чакаў, што будзе цяжка перайсьці мяжу і трапіць у Эўропу. Аднак, нават калі б мяне чакала сьмерць там, я б усё адно пайшоў гэтым шляхам, бо апошнія 8 гадоў я жыў у рытме: праца і сон, — кажа Махмуд. — Цяжка было ўявіць будучыню з такім ладам жыцьця і нізкім заробкам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год польска-беларускую мяжу спрабавалі незаконна перасячы 39,7 тысяч разоў; 11,2 тысячы мігрантаў прыбылі ў Нямеччыну празь Беларусь

Мухамад: «Памежнікі пасадзілі нас у машыну і забралі ўсе нашы грошы»

Падобную ж гісторыю расказвае 32-гадовы Мухамад аль-Кадры з сырыйскага гораду Дара. Ён кажа, што на шлях з Сырыі ў Нямеччыну празь Беларусь ён патраціў 6000 эўра. Па ягоных словах, каб сабраць гэтыя грошы, ён працаваў 10 гадоў. Усе далейшыя лічбы і факты прыводзяцца таксама зь ягоных словаў.

Мухамад аль-Кадры

Запрашэньне ў Беларусь у турыстычнай агенцыі ў сталіцы Ярданіі Амане каштавала яму каля 1250 эўра. Запрашэньне было ад беларускай турфірмы ТАА «Альшакір». Квіткі на пералёт Аман — Дубаі — Менск авіялініямі Flydubai — 1000 эўра.

У менскім аэрапорце ў зоне прылёту групу сустрэла жанчына, якая назвалася супрацоўніцай турагенцыі ТАА «Альшакір». Гэтая жанчына была пасярэдніцай паміж консулам і турфірмай, кажа Мухамад.

«Калі мы прыбылі ў менскі аэрапорт, нас адвялі на другі паверх. Гэта было нібыта вялікае поле. Там быў консульскі офіс. Людзі ляжалі паўсюль на падлозе. Цяжка было прайсьці, каб не наступіць на чалавека. У зоне для курэньня было адчуваньне, што цыгарэты не патрэбны — усё было ў дыме. Мы не маглі памяняць грошы, каб купіць ежу. І немагчыма было купіць ваду, таму нам даводзілася піць у прыбіральні», — успамінае мужчына.

Пацьверджаньне броні нумароў у менскім гатэлі «Юбілейны» для мігрантаў з Блізкага Ўсходу ад кампаніі «Альшакір»

Па словах суразмоўцы, з аэрапорту група была вымушаная выбірацца самастойна, бо абяцанай таксоўкі на месцы не аказалася.

Мігранты дабраліся да гатэля «Юбілейны», але тут аказалася, што рэзэрваваньня нумароў для іх няма. Мухамад наняў пакой на 3 ночы за ўласныя грошы, адна ноч каштавала яму 102 рублі.

На наступны дзень у гандлёвым цэнтры група мігрантаў закупіла неабходныя для перасячэньня мяжы рэчы — дажджавікі, ежу і ваду.

Мігранты атаварваюцца на рынку ў Ждановічах

Да мяжы, па словах суразмоўцы, дабіраліся групай на 4 машынах, якія знайшлі на стаянцы таксі. У кожнай машыне было па 4 чалавекі. Кіроўца кожнага аўтамабіля браў па 360 даляраў. Таксоўкі адвезьлі мігрантаў да памежнай зоны з Польшчай. Далей яны, па словах Мухамада, пайшлі пешшу.

«Калі мы дайшлі да агароджы на беларуска-польскай мяжы і паспрабавалі пралезьці празь яе, сэнсары выклікалі беларускіх памежнікаў. Шэсьць чалавек з нашай групы прабеглі і ўжо былі на тым баку. А нас усіх злавілі. Беларускія памежнікі пасадзілі нас у машыну і забралі ўсе нашыя грошы, рэчы. Гэта была зона паміж польскай і беларускай межамі. Яны падвезьлі нас да польскай мяжы. Там была агароджа, мы паднялі яе і хутка пралезьлі пад ёю», — расказвае пра пераход Мухамад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускія сілавікі прымушаюць нас атакаваць мяжу», — мігрант

Па яго словах, паводле атрыманых яшчэ за межамі Беларусі інструкцый, на польскім баку група мігрантаў павінна была атрымаць геалякацыю з каардынатамі машыны, якая адвязе іх з Польшчы ў Нямеччыну, у горад Франкфурт-на-Одэры. Гэтая паслуга каштуе 2500 эўра. Грошы на перапраўку ў Франкфурт група загадзя пакінула ў Ярданіі.

«Я думаю, Беларусь вельмі дапамагла нам зь пераходам мяжы. Я ня думаю, што гэта была нейкая пастка, бо беларускія памежнікі сапраўды нам дапамаглі», — кажа ён.

«Той, хто адчувае ўдзячнасьць». Што вядома пра кампанію «Альшакір»

Невялікая менская кампанія «Альшакір» фігуруе ў дакумэнтах, якія Свабодзе перадалі некалькі мігрантаў зь нямецкага лягера ў горадзе Зуль.

У перакладзе з арабскай «Альшакір» значыць літаральна «той, хто адчувае ўдзячнасьць». Кампанія была заснаваная ў Менску ў канцы жніўня 2018 году. Яе ўласьнік — грамадзянін Ярданіі Мадждуб Файсал Абдэль Рахман Мухі Іддын. Паводле Адзінага дзяржаўнага рэестру, яму належыць 100% доля ў «Альшакіры», аднак так было не заўсёды.

Дакумэнты, якія перадалі нам мігранты ў лягеры для ўцекачоў у нямецкім горадзе Зуль. Яны сьведчаць пра пасярэдніцтва кампаніі «Альшакір» у прыбыцьці мігрантаў у Беларусь і іх знаходжаньні на тэрыторыі краіны

За тры гады, што прайшлі з моманту заснаваньня фірмы, сярод яе ўласьнікаў значыліся грамадзяне Беларусі Аляксей і Ілона Собалі, а таксама грамадзянін Іраку Аль-Аббудзі Раад Шакір Кзар.

Аляксей Собаль займае пасаду дырэктара кампаніі з моманту яе стварэньня 30 жніўня 2018 году. Нумар яго мабільнага тэлефона, як і нумар Раада Шакіра Кзара, пазначаныя ў якасьці кантактных на хадайніцтве аб атрыманьні кароткатэрміновай групавой беларускай візы, копію якога Свабодзе перадалі мігранты ў нямецкім лягеры для ўцекачоў.

У сацыяльнай сетцы LinkedIn знаходзіцца профіль Ілоны Собаль, дзе яна пазначаная як намесьніца дырэктара кампаніі «Альшакір».

Згодна таму ж з Адзіным дзяржаўным рэестрам, асноўны від дзейнасьці кампаніі — перавозка пасажыраў аўтамабільным транспартам у нерэгулярных зносінах. Тое самае можна даведацца пра «Альшакір» і з дапамогай пошуку ў інтэрнэце. Калі верыць апублікаваным фатаздымкам, кампанія мае некалькі мікрааўтобусаў, якія прапануе ў арэнду ўсім ахвотным.

рофіль кампаніі «Альшакір» на сэрвісе «Онлайнэр паслугі»

У кампаніі ёсьць профіль на папулярным сэрвісе «Онлайнэр паслугі». Там сабрана некалькі дзясяткаў водгукаў на працу кампаніі. Кліенты расказваюць, што арандавалі ў «Альшакіра» мікрааўтобусы на вясельле, перавозку буйных рэчаў і для іншых мэтаў.

На сайце водгукаў Handshaker пра кампанію ўсяго 3 водгукі. Аўтар аднаго зь іх падпісаны як Аляксей Собаль і мае ў профілі фатаздымак рэальнага дырэктара Аляксея Собаля. Яшчэ адзін водгук належыць Ілоне і суправаджаецца фатаздымкам намесьніцы дырэктара Ілоны Собаль.

Згадак пра дзейнасьць у сфэры афармленьня беларускіх уязных візаў у адкрытых крыніцах няма.

«Мы з пачатку году займаемся аказаньнем турыстычных паслуг, — сказаў у размове са Свабодай сам Аляксей Собаль, гэта было ў лістападзе 2021-га. — Дапамагаем групам турыстаў атрымаць неабходныя дакумэнты, рыхтуем пакеты дакумэнтаў, каб яны трапілі да консула. Афармляем хадайніцтвы аб атрыманьні грамадзянамі арабскіх краін беларускіх візаў. Пражываньне ў гатэлі „Юбілейны“ аплачваў прадстаўнік кампаніі, ва ўсіх усё было аплачана. Бяз гэтага не атрымаць візы. На транспарце нашай кампаніі грамадзян гэтых да мяжы не вазілі, толькі з аэрапорту ў Менск да гатэля. Колькі каштуюць такія паслугі ў нашай кампаніі, я сказаць не магу. Усім займаўся мой партнэр».

У якасьці кантактнага нумару кампаніі і на яе сайце, і на сэрвісах аказаньня паслуг пазначаны нумар дырэктара Аляксея Собаля. У профілі Аляксея ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» пазначана, што ён нарадзіўся 25 сьнежня 1990 году. У 2013 годзе скончыў Менскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж (МДВРТК). У Адзіным дзяржаўным рэестры можна знайсьці зьвесткі пра індывідуальнага прадпрымальніка Собаля Аляксея Ўладзімеравіча (такое ж прозьвішча ў дырэктара «Альшакіра». — РС), які быў зарэгістраваны з 2013 па 2017 год і займаўся кансультаваньнем па пытаньнях камэрцыйнай дзейнасьці і кіраваньня. Дзейнасьць гэтага ІП прыпадае на час паміж заканчэньнем вучобы ў МДВРТК будучага дырэктара «Альшакіра» і заснаваньнем кампаніі.

Радыё Свабода неаднаразова спрабавала скантактавацца з Аляксеем Собалем, каб атрымаць камэнтар наконт сьведчаньняў людзей, зь якімі мы размаўлялі ў нямецкім лягеры. Аднак ён не адказваў на нашыя тэлефанаваньні і запыты ў сацыяльных сетках. Мы апублікуем ягоны камэнтар, як толькі атрымаем адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшы дзяржапэратар і мікрафірма грамадзяніна Іраку. Расказваем пра турапэратараў з 5-га санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу

Выпускнік менскага лінгвістычнага з Іраку

Значна больш інфармацыі ў адкрытых крыніцах можна знайсьці пра іншую кантактную асобу з хадайніцтва аб атрыманьні беларускіх візаў мігрантамі з дапамогай кампаніі «Альшакір». Імя гэтага чалавека — Раад Шакір Кзар. У ліку ўладальнікаў «Альшакіра» Раад Кзар быў з моманту заснаваньня кампаніі і да 19 кастрычніка 2021 году — піку мігранцкага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Тады ж зь ліку ўладальнікаў выйшлі Аляксей і Ілона Собалі.

Паходзіць Раад Кзар з Аль-Дываніі, невялікага гораду ў цэнтральнай частцы Іраку. У Беларусь ён прыехаў у другой палове нулявых, з 2007-га па 2012 год вучыўся ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце. Вывучаў расейскую і ангельскую мовы, атрымаў спэцыяльнасьць перакладчыка.

Пасьля завяршэньня вучобы пачаў працаваць у кампаніі «Аль-Раўнак». У Дзяржаўным рэестры ў якасьці кантактаў заснаванай у 2013 годзе кампаніі пазначаныя кантактныя тэлефоны самога Раада Кзара і адрас яго электроннай пошты. Гэты ж адрас можна знайсьці як кантактны ў абвестках пра набыцьцё партый збожжа ў Казахстане для далейшай адпраўкі ў Іран.

Раад Кзар актыўна вядзе сацсеткі. Мае акаўнты ў Facebook, Instagram і YouTube. У ягоным фэйсбуку можна знайсьці некалькі відэа з удзелам мігрантаў, зьнятых, пэўна, на беларуска-літоўскай мяжы 9 і 10 жніўня 2021 году. Таксама ў яго сацсетках можна заўважыць супольныя фота з былым міністрам культуры Беларусі Юрыем Бондарам і амбасадарам ААЭ ў Беларусі. У яго профілі ў фэйсбуку пазначана, што Раад працаваў перакладчыкам у тым ліку для МУС Беларусі.

Рэпост з суполкі суполкі Belarus4u, які рэклямуе камфортнае пражываньне ў Беларусі

Адзін з мабільных нумароў, якімі карыстаецца Раад Кзар, пазначаны ў якасьці кантактнага тэлефону кампаніі «Гейт Інвест». Фірма, якая цяпер у стадыі ліквідацыі, з 2016 па 2019 год займалася будаўнічымі работамі на тэрыторыі Беларусі. Адзін з чатырох яе заснавальнікаў — Маджыд Джавад Абэд Аль-Каісі, ужо былы ганаровы консул Беларусі ў Іраку, якога падазраюць ва ўдзеле ў арганізацыі нелегальнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі.

Мабільны нумар Раада Кзара таксама пазначаны ў якасьці кантактнага на старонцы суполкі Belarus4u — بيلاروس فور يو у фэйсбуку, якая запрашае жыхароў арабскіх краін наведаць Менск і іншыя беларускія гарады. Старонка рэклямуе беларускую адукацыю і абяцае дапамогу ў арганізацыі прыезду ў Беларусь для навучаньня, на яе падпісаныя больш за 6,5 тысячы чалавек. Сярод іншага, там разьмешчаныя і абвесткі пра сытуацыю зь міграцыяй празь Беларусь у краіны Эўразьвязу.

«За суправаджэньне да мяжы мне прапаноўвалі вялікія грошы». Размова зь перакладчыкам «Альшакіра»

Раад Шакір Кзар пагадзіўся расказаць Свабодзе пра свой удзел у прыезьдзе мігрантаў з Сырыі і Іраку ў Беларусь. Па яго словах, ён больш не супрацоўнік «Альшакіра» і ўзаемадзейнічае з кампаніяй толькі ў якасьці перакладчыка.

«Вырашаю нейкія пытаньні, якія ўзьнікаюць у людзей пасьля прылёту, — кажа Раад Шакір Кзар. — Выключна як перакладчык. Я сапраўды быў адным з заснавальнікаў „Альшакіра“, але цяпер не хачу гаварыць аб прычынах майго выхаду адтуль. Працаваў (з грамадзянамі Іраку і Сырыі, якія прыляталі ў Беларусь. — РС) у аэрапорце. Перакладаў там. Калі нешта было незразумела ім, то тлумачыў. Да мяжы я нікога не суправаджаў, нічога такога не было».

Па словах суразмоўцы, «Альшакір» ад пачатку была турыстычнай кампаніяй і аказвала паслугі прыежджым з Іраку і іншых краін. Арэндай аўтатранспарту і транспартнымі паслугамі займалася ў той час, калі не было турыстаў.

Раад Шакір у размове са Свабодай таксама пацьвердзіў, што асабіста знаёмы з былым ганаровым консулам Беларусі ў Іраку Маджыдам Аль-Каісі. Супрацоўнічаў зь яго будаўнічай кампаніяй «Гейт Інвэст» у якасьці перакладчыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы ганаровы консул Беларусі ў Іраку выступіў за вяртаньне мігрантаў на радзіму

«Я знаю гэтага чалавека, — сказаў Раад Шакір. — Крыху, як знаёмага, больш нічога. Працаваў перакладчыкам у яго. Цяпер больш не супрацоўнічаю... На самой справе гэта самы апошні чалавек, хто займаўся гэтым (арганізацыяй міграцыі з Іраку і Сырыі ў краіны ЭЗ празь Беларусь. — РС). Самы апошні. Ён арганізоўваў менавіта запрашэньні (у Беларусь. — РС). Але перапраўкай людзей празь мяжу ён не займаўся. Ніхто гэтым не займаўся з маіх знаёмых. Я сам гэтым таксама не займаўся, гарантую на мільён працэнтаў. Мяне запрашалі, за вялікія грошы. Але я сказаў, што не. Ня буду ні ў якім выпадку. Я займаўся толькі законнай дзейнасьцю. Я толькі перакладаў, дапамагаў у аэрапорце. Калі званілі і гаварылі, распытвалі нешта. Я ўсё тлумачыў. Што трэба рабіць, куды трэба ехаць. Сустракаў у Менску, паказваў турыстычныя месцы. Працаваў як гід і як перакладчык. Маджыд Аль-Каісі таксама гэтым займаўся. І на самой справе толькі невялікі працэнт людзей прыехаў сюды (у Беларусь. — РС) зь яго дапамогай, няшмат».

Па словах Раада Кзара, «вялікія грошы» за суправаджэньне да мяжы яму прапаноўвалі самі мігранты. Ён таксама называе некалькі імёнаў людзей, якія, на яго думку, маглі ўдзельнічаць у арганізацыі перапраўкі груп мігрантаў зь Менску да літоўскай і польскай мяжы. Усе яны, па словах суразмоўцы, грамадзяне Ярданіі, Сырыі, альбо Іраку і ўжо пакінулі Беларусь.

Беларуская віза ў пашпарце аднаго зь мігрантаў

Відэаролікі, зробленыя на беларуска-літоўскай мяжы, дзе відаць групы мігрантаў, і апублікаваныя на ягоным акаўнце ў фэйсбуку, Раад Кзар называе «знойдзенымі ў інтэрнэце». Кажа, што проста перапосьціў іх, сам у падзеях на гэтых відэа ня ўдзельнічаў. Аб прычынах разьвіцьця мігранцкага крызісу перакладчык мае сваю думку.

«Мне здаецца, гэты крызіс ім не патрэбен, — кажа Раад Шакір Кзар. — Яны проста хочуць пераехаць у Эўразьвяз, каб атрымаць сабе там іншы пашпарт. Такія людзі, як правіла, ня хочуць працаваць. Яны хочуць жыць за кошт матэрыяльнай дапамогі. Там у нас у Іраку, вядома, ня ўсе ўмовы добрыя. Але ёсьць праца, ёсьць грошы. Але яны ня хочуць працаваць. Таму шмат хто туды едзе, каб атрымліваць дапамогу і жыць, не працуючы. У Іраку жыве 40 мільёнаў чалавек. Працэнт тых, хто прыяжджае (у Беларусь, каб перабрацца ў Эўразьвяз. — РС), вельмі невялікі. Як правіла, гэта курды. А курды ў Іраку жывуць добра».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты маршрут праклалі авіякампаніі і кантрабандысты». Курдзкі журналіст расказаў, як жывецца ў Іраку і чаму адтуль уцякаюць празь Беларусь

Паводле назіраньняў Раада Шакіра, арганізацыяй міграцыі займаюцца самі курды. Яны вырашаюць, як ім перасекчы мяжу, што рабіць далей. Суразмоўца таксама сьцьвярджае, што, маючы грошы, у Іраку можна адкрыць шэнгенскую візу і прыехаць у Эўразьвяз цалкам легальна, каб жыць там і займацца бізнэсам. Чаму гэты шлях не выбіраюць мігранты, якія спрабуюць трапіць у краіны ЭЗ празь Беларусь, ён ня ведае.

«Сярод прыежджых я бачыў людзей, якія займаліся арганізацыяй адпраўкі мігрантаў да мяжы, — кажа Раад Шакір Кзар. — Але я стараўся трымацца ад іх далей. Адразу адыходзіў. Цяпер я працягваю працаваць перакладчыкам, калі камусьці патрэбны мае паслугі. Я сапраўды працаваў перакладчыкам таксама і для Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Гэта было ў 2009 годзе, я працаваў там да 2013-га. Быў абмен досьведам, у Беларусь прыяжджалі групы, у тым ліку з Арабскіх Эміратаў. Я суправаджаў іх».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мігрантаў зьбіраюць у Менску і ў лясах і накіроўваюць да мяжы». Унутраная справаздача Эўракамісіі аб ролі Беларусі ў мігранцкім крызісе