Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты маршрут праклалі авіякампаніі і кантрабандысты». Курдзкі журналіст расказаў, як жывецца ў Іраку і чаму адтуль уцякаюць празь Беларусь


Твана Амэр

Журналіст і актывіст Твана Амэр жыве ў правінцыі Сулейманія ў ірацкім Курдыстане. Ён адказаў на пытаньні Радыё Свабода пра сытуацыю ў рэгіёне, адкуль паходзіць мноства мігрантаў, якія цяпер спрабуюць трапіць у Эўразьвяз празь Беларусь.

— Якая цяпер сытуацыя зь бясьпекай у ірацкім Курдыстане? Ці даводзіцца людзям баяцца за сваё жыцьцё?

— У ірацкім Курдыстане заўсёды існуе небясьпека вайны. Турэцкія самалёты бамбяць памежныя раёны Курдыстану, кажучы, што там хаваюцца прадстаўнікі PKK, Курдзкай рабочай партыі. З другога боку, прысутнасьць ваяўнікоў «Ісламскай дзяржавы» ў рэгіёне ніколі не спрыяла бясьпецы ў Курдыстане. Унутры Курдыстану таксама ёсьць пагрозы – калі грамадзяне ня згодныя з уладамі, дык тыя адказваюць турэмным зьняволеньнем, забойствамі, рэпрэсіямі і запалохваньнем.

Таму крыніцы небясьпекі для грамадзян – бамбаваньне турэцкімі самалётамі тэрыторыі ірацкага Курдыстану, няспынная пагроза ад «Ісламскай дзяржавы», недахоп свабоды слова, зьняволеньне лібэралаў рэгіянальным урадам Курдыстану, брак працоўных месцаў, а таксама стабільнасьці ў Іраку ўвогуле і ў рэгіёне Курдыстану ў прыватнасьці.

Курдыстан месьціцца на паўночным усходзе Іраку
Курдыстан месьціцца на паўночным усходзе Іраку

— А якая цяпер там эканамічная сытуацыя? Ці можна сказаць, што частка людзей уцякае ад беднасьці, а не ад іншых пагрозаў?

— Эканамічная сытуацыя ў ірацкім Курдыстане вельмі кепская. Ад 2014 году рэгіён сутыкнуўся зь фінансавым крызісам. Грамадзяне робяцца ўсё бяднейшымі і бяднейшымі. Заробкі дзяржаўным службоўцам выплачваюцца нерэгулярна; людзі, якія заканчваюць ВНУ, ня могуць знайсьці працу. Беспрацоўе моцна ўдарыла па Курдыстане.

— З тых ірацкіх курдаў, якія едуць празь Беларусь, якую прыблізна частку можна лічыць уцекачамі – людзьмі, якія сутыкнуліся зь непасрэднай пагрозай свайму жыцьцю, бясьпецы і свабодзе?

— Тыя людзі, якія цяпер мігруюць празь Беларусь, раней траплялі ў Грэцыю і Італію з Турэччыны. Але гэта быў вельмі дарагі шлях, таму курды і вырашылі скарыстацца шляхам празь Беларусь, каб паспрабаваць знайсьці новае жыцьцё.

Раней у Курдыстане адбываліся дэманстрацыі, але ўлады ня слухалі гэтых людзей, таму цяпер яны спрабуюць дабрацца да Нямеччыны ці Вялікай Брытаніі, каб пачаць новае жыцьцё. Яны выбралі гэты шлях праз адсутнасьць працы і няясную будучыню.

Сёлета за 11 месяцаў Курдыстан пакінулі 28 000 чалавек. Большасьць зь іх – гэта маладыя людзі з гарадоў, асабліва на мяжы з правінцыяй Сулейманія. Гэта сапраўды небясьпечная статыстыка. Калі ў Курдыстане не адбудзецца рэформаў, дык насельніцтва пастарэе і не застанецца маладых людзей.

— Тыя людзі, якія цяпер едуць празь Беларусь, ці належаць яны да найбяднейшых слаёў насельніцтва, ці гэта «сярэдняя кляса»?

— Гэтыя людзі прадавалі сваё жытло і машыны, пазычалі грошы, каб дабрацца ў Эўропу. Сярод іх ёсьць журналісты і актывісты. Большасьць зь іх – гэта маладыя людзі, якія яшчэ не пачалі працу, і ў асноўным яны бедныя. Галоўная прычына іх ад'езду, акрамя небясьпек, пра якія я гаварыў раней, гэта тое, што яны ня бачаць будучыні ў Курдыстане.

— Чаму гэтыя людзі выбралі менавіта Беларусь як транзытную краіну? Адкуль яны атрымалі інфармацыю і ці ёсьць у ірацкім Курдыстане нейкая рэкляма такога маршруту?

— Гэты маршрут праклалі авіякампаніі і кантрабандысты, якія напачатку казалі людзям, што можна лёгка трапіць у Эўразьвяз празь Беларусь. Таму паток накіраваўся туды. Раней людзі гінулі ў Турэччыне. Шлях у Італію праз Эгейскае мора вельмі складаны, і многія перавозчыкі людзей выбралі Беларусь як прасьцейшы і таньнейшы шлях.

— Ці ёсьць у ірацкім Курдыстане фірмы, якія арганізуюць гэтыя паездкі празь Беларусь?

— Так, раней яны месьціліся ў Багдадзе, дзе іракцам выдавалі беларускія візы. Але апошні тыдзень у Іраку ўжо немагчыма атрымаць беларускую візу. Цана беларускай візы была ад $1000 да $2000.

— Ці зьмяніўся погляд на «беларускі маршрут» за апошнія дні праз навіны зь беларуска-польскай мяжы?

– Я за апошнія дні кантактаваў з многімі мігрантамі, якія цяпер жывуць у цяжкай сытуацыі. Але яны ня хочуць вяртацца ў Курдыстан. Яны кажуць, што шукаюць новага жыцьця, і хочуць, каб Эўразьвяз адчыніў ім дзьверы. Большасьць курдзкіх уцекачоў ня хоча вяртацца.

— Ці ведаюць курды, што цяпер адбываецца ў Беларусі? Рэжым Лукашэнкі абвінавачваюць у тым, што той выкарыстоўвае мігрантаў як зброю супраць ЭЗ і не пераймаецца магчымымі ахвярамі. Ці тыя людзі, які едуць у Беларусь, усьведамляюць рызыку?

— Я лічу, што Лукашэнка хоча скарыстаць мігрантаў як зброю супраць Эўразьвязу, гэтаксама як Турэччына выкарыстоўвае мігрантаў супраць Эўразьвязу ўжо шмат гадоў.

Мігранты разумеюць, што іх цяпер выкарыстоўваюць, але іх гэта не турбуе, ім важна трапіць у Эўропу, і яны ўжо ведаюць, што па дарозе будзе шмат холаду і небясьпекі. Яны працягваюць ціск, каб Эўрапейскі Зьвяз адчыніў свае дзьверы.

— Чаму мігранты імкнуцца менавіта ў Нямеччыну, а ня ў іншыя краіны Эўразьвязу?

— Курды – нацыянальная супольнасьць, і большасьць курдзкіх уцекачоў жыве ў Нямеччыне ці ў Вялікай Брытаніі. Яны хочуць жыць разам, і яны выбралі гэтыя дзьве краіны за ўзровень жыцьця і эканомікі. Таму новыя мігранты хочуць трапіць у гэтыя дзьве краіны, асабліва ў Нямеччыну.

— Якая цяпер культурная сытуацыя ў ірацкім Курдыстане? Ці дастаткова курдзкамоўных СМІ, тэатраў, кнігавыдавецтваў і гэтак далей?

— Ірацкі Курдыстан падзелены на дзьве сфэры: Зялёную зону і Жоўтую зону. Зялёнай зонай, у якую ўваходзіць правінцыя Сулейманія, кіруе Патрыятычны зьвяз Курдыстану (PUK). У гэтай частцы рэгіёну ўмовы крыху лепшыя ўмовы палітычнай дзейнасьці, жыцьця і больш свабодаў.

У Жоўтай зоне, у якую ўваходзіць Арбіль, сталіца ірацкага Курдыстану, і правінцыя Дагук, кіруе Дэмакратычная партыя Курдыстану (KDP) на чале з Барзані. Там свабоды слова – нуль.

Наагул у ірацкім Курдыстане вельмі кепска са свабодай слова. Некалькі журналістаў забілі, сотні журналістаў былі зьняволеныя, сталі ахвярамі нападаў і пагроз. Кожны журналіст, які свабодна крытыкуе ўладу, карупцыю і несправядлівасьць, будзе зьняволены.

Улады Курдыстану і прадстаўнікі курдзкіх уладаў у эўрапейскіх краінах публікуюць фальшывыя справаздачы пра сытуацыю ў Курдыстане. Улады ведаюць, што жыхарам рэгіёну не хапае свабоды слова і што галоўнай праблемай для людзей зьяўляецца эканамічны крызіс.

У апошнія гады грамадзяне Курдыстану спрабавалі зьмяніць сыстэму кіраваньня, але гэтыя спробы былі беспасьпяховымі. Дэманстрацыі ў сталіцы Арбілі задушылі, а актывісты трапілі ў турму. І гэта таксама прычыны незадаволенасьці людзей той сыстэмай, якая існуе ў іракцім Курдыстане.

Даведка Свабоды

Прыкладна 40 мільёнаў курдаў кампактна засяляюць памежныя анклявы: паўднёвы ўсход Турэччыны (палова ад агульнай колькасьці), поўнач Сырыі, паўночны ўсход Іраку, паўночны захад Ірану і ў нязначнай колькасьці – постсавецкі Каўказ.

Курдыстан – аўтаномная адміністрацыйная адзінка ў складзе Іраку, якая знаходзіцца на паўночным усходзе краіны. Пачаткова курдзкая аўтаномія была ўтвораная ў 1970 годзе ў выніку ірацка-курдзкага пагадненьня. Практычна гэта аўтаномія была фіктыўнай да 1991 году, калі ў выніку прайгранай Іракам вайны на поўначы і поўдні краіны былі вызначаны зоны, забароненыя для палётаў ірацкай авіяцыі. Да канца 1991 году курды выбілі ірацкія войскі з тэрыторыі аўтаноміі і фактычна Курдыстан атрымаў незалежнасьць (але яна не была абвешчаная).

Пасьля вайны 2003 году і ўсталяваньня новай улады ў Іраку было падпісана новае пагадненьне паміж Іракам і Курдыстанам. Новая Канстытуцыя Іраку зацьвердзіла існаваньне курдзкага рэгіянальнага ўраду, які мае поўную ўнутраную аўтаномію.

У верасьні 2017 году ў Курдыстане прайшоў рэфэрэндум аб незалежнасьці. Паводле выбарчай камісіі Курдыстану, 92,73% выбарнікаў, якія ўзялі ўдзел у рэфэрэндуме, аддалі свае галасы за незалежнасьць. Усяго ў рэфэрэндуме ўдзельнічала каля 3,3 мільёна чалавек, гэта прыкладна 72% выбарнікаў.

Рэфэрэндум выклікаў жорсткую крытыку ірацкага ўраду і суседніх з Іракам краінаў. Багдад да апошняга моманту патрабаваў яго адмены. Цэнтральныя ірацкія ўлады абвясьцілі рэфэрэндум незаконным і адказалі на яго захопам гораду Кіркук, нафтаздабыўных раёнаў вакол яго і іншай тэрыторыі, якую курды адбілі ў экстрэмістаў групоўкі «Ісламская дзяржава». Дагэтуль працягваюцца перамовы паміж цэнтральным урадам Іраку і ўрадам Курдыстану аб спрэчных тэрыторыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG