У Менску рыхтуюцца да хвалі «дзіцячага і падлеткавага» заражэньня «Омікронам» са складанымі наступствамі

Ілюстрацыйнае фота. Вакцынацыя дзяцей ад COVID-19

Як паведаміла агенцтву «Минск Новости» крыніца ў Менскім гарвыканкаме, у сталіцы Беларусі рыхтуюцца да хвалі захворваньня на COVID-19 сярод дзяцей і падлеткаў ад заражэньня новым штамам «Омікрон».

«Пік захворваньня, хутчэй за ўсё, прыпадзе на канец студзеня – пачатак лютага. Уздым захворваньня — з наступнага тыдня. У дзяцей і падлеткаў будуць назірацца дастаткова складаныя наступствы: трахеабранхіты і інфэкцыі верхніх дыхальных шляхоў. Чуткі пра „лёгкі штам“ памылковыя», — гаворыцца ў паведамленьні.

Мэдыкі раяць бацькам не марудзячы вакцынаваць сваіх дзяцей ад каранавірусу і ўдзяляць асаблівую ўвагу іх здароўю, імунітэту і гігіене (уключаючы масачны рэжым).

«Дзіцячыя паліклінікі ўжо рыхтуюцца да значнага росту колькасьці пацыентаў», — паведаміла крыніца ў Менгарвыканкаме.

27 сьнежня ў Беларусі пачалася вакцынацыя ад COVID-19 дзяцей ва ўзросьце ад 12 да 17 гадоў. Вакцынаваць дзіця можна не раней як праз 6 месяцаў пасьля перанесенай ім COVID-19 і пры адсутнасьці супрацьпаказаньняў да вакцынацыі. Дзяцей прышчапляюць кітайскай вакцынай Verо Cell.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымптомы «Омікрону». 5 пытаньняў і адказаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалася вакцынацыя дзяцей супраць COVID-19
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 20 тысяч хворых на ковід у дзень. Як ацэнкі «Народнага апытаньня» адрозьніваюцца ад афіцыйных